субота, 20 чэрвеня 2009 г.

Лабэйкаўскія могілкі



Могілкі… Вельмі моцнае уражаньне ад надпісаў на надмагільлях -- родныя прозьвішчы і шчымліва знаёмыя рысы на тварах. Імёны і абліччы, якія атачалі тваё дзяцінства… І лічбы, лічбы, лічбы, якія вельмі выразна падкрэсьліваюць, не, хутчэй -- крычаць, немым крыкам крычаць пра хуткаплыннасьць, куртатасьць чалавечага жыцьця і пра хуткаплыннасьць усяго ўвогуле…

Чамусьці менавіта на могілках раз-пораз узьнікае крыўда на бацькоў і сваякоў за іх маўчаньне, за тое, што у дзяцінстве яны мне нічога не расказвалі "пра сваіх" -- нібыта я павінен быў сам усё ведаць пра іхнае жыцьцё проста па факту свайго нараджэньня сярод іх… Так яяны лічылі і нічога не тлумачылі?.. А можа яны знарок мяне не ўводзілі у гэтае жыцьцё, не ўводзілі "в курс дела", бо так прасьцей, так лягчэй было выжыць ТАДЫ… лягчэй выжыць без валізкі родавай памяці, без паходжаньня -- бо пахаджанам тады аддавалі перавагу і ім прасьцей было выжыць… Маўляў, табе лепш не ведаць, будзеш менш пакутваць. А мажліва і горш -- маўчалі, бо баяліся, што малое можа прабалбатацца незнарок, можа "здаць" няўцямна, ці пад уплывам навязьлівага ўзьвялічваньня "подзьвігу" Паўліка Марозава, -- і тады будзе яшчэ горш… Звычка жыць у падпольлі, вечныя партызаны, мля… А цяпер свае карані, свій міт паходжаньня, сваю легенду роднага куту я мушу зьбіраць па аскепках… Не схацелі мяне прывязваць да гэтага месца, да гэтай супольнасьці, да гэтага атачэньня… Маўляў, ляці, бяжы адсюль, можа табе больш пашанцуе, можа ты такім неабцяжараным будзеш больш счаслівым у гэтым вар'яцкім сьвеце… І што? Аказалася, быць пустым -- цяжэй...

No comments:

Post a Comment