пятніца, 29 ліпеня 2011 г.

Пра гасьціннасьць і абяцаньні

Адзін з паважаных і вельмі пажылых сьвятароў быў днямі распавёў такую гісторыю.

Справа была "за польскім часам" дзесьці паміж Лідай і Пінскам. Праваслаўныя сьвятары аднаго з благачыній па тагачаснай завядзёнцы сабраліся ўсе разам "на фэст" і сядзелі трапезьнічалі пасьля службы ў доме царкоўнага старасты. Пайшоў дождж. І стараста каб паказаць сваю гасьціннасьць дый кажа: Айцы, не адпушчу вас з хаты і буду частаваць, пакуль не скончыцца дожд! Дождж ішоў да ночы, і ноччу і на другі дзень і на трэцьці дзень. Сьвятароў добрая колькасьць, слова трымаць мусіш, стараста ўжо пазабіваў усіх сваіх кур і гусей, дастаў з поргаба ўсю бульбу, пазычаў харч у суседзяў, абы было чым частаваць, але садзіў сьвятароў штодня за стол...
І раніцой чацьвёртага дня, калі пабачыў, што дождж не думае спыняцца, стараста выйшаў на ганак ды выгукнуў у неба: Госпадзі! Няўжо Ты ніколі не прымаў гасьцёў?!?!?!
Увечары дождж прыпыніўся, і сьвятары разьехаліся па сваіх парафіях.