серада, 17 чэрвеня 2009 г.

Ці зловім мы Рыбака ў сеці нашай тоеснасьці?

Нядаўняя дыскусія (амаль спрэчка) ў Сеціве наконт таго, наш ці ня наш Аляксандр Рыбак, падштурхнула мяне вось да якіх развагаў, якія я, з-за сваёй звычайнай ляноты, занатаваў толькі зараз.

Такім чынам, пытаньне пра "насскасьць" Рыбака актуалізуе іншае, больш важкае пытаньне, якое ў Беларусі дасюль дрэнна прадуманае/прамоўленае/выслаўленае -- пытаньне прынцыпа тоеснасьці. На якой падставе мы будзем лічыць чалавека "сваім"?.. Выпадак Рыбака (і не толькі яго) высьвятляе два падыходы да вырашэньня/адказу на гэтае пытаньне. Можна нават сказаць, два чыны тоеснасьці/ідэнтычнасьці. Умоўна іх можна было б назваць чын "супляменьнік" і чын "зямляк".

1. "Супляменьнік", альбо сваяк. Мітычны панятак, на які так ці інакш ідзе спасылка -- Род. Прынцып адзінства палягае на крыві, крэўнасьці. Праўда, у нашыя дні гэта часьцей і хутчэй за ўсё не біялагічная крэўнасьць, а крэўнасьць "па духу", то бок супадзеньне пэўных перакананьняў і жыцьцёвых, сэнсафармуючых прынцыпаў. Адзінства каштоўнасьцяў. Дарэчы, прызнаньне вартасьці/звышкаштоўнасьці саміх крэўных сувязяў -- гэта таксама ўжо толькі адзін з прыкладаў "крэўнасьці па перакананьнях". Характэрныя асаблівасьці крэўнасьці -- адзінства мовы (хутчэй нават не лінгвістычнае, а адзінства каштоўнасьцяў і паняткаў, якое адбіваецца на мове) і імкненьне да чысьціні шэрагаў (у рознай ступені жорсткасьці -- ад задавальненьня простай дэкларацыяй якога-небудзь credo да ўедлівага корпаньня ў душах/параметрах носу тульных з фізічным адстрэлам інакш думаючых альбо выглядаючых). Першаснае значэньне мае факт нараджэньня ў межах крэўнай групы. Вынікам такой тоеснасьці ёсьць тое, што "свой" можа быць/апынуцца дзе заўгодна. Ва ўмовах глабалізацыі і гранічнай невіліроўкі геаграфічнага чыньніка гэта сапраўды дадатны момант для самой групы, існаваньне якой можа не залежыць ад геаграфіі. Аднак на лакальным узроўні крэўнасьць, пастаўленая ў прынцып дзяржавы, вядзе да абвастрэньня канфліктаў, альбо ў лепшым выпадку проста да таго, што феноменф іншай тоеснасьці/крэўнасьці, якія знаходзяцца побач, элементарна ігнаруюцца.

2. "Зямляк". Мітычны панятак, на які так ці інакш ідзе спасылка -- "геній месца". Прынцып адзінства палягае на факце сумеснага пражываньня(цяпер ці можа калісьці ў мінулым) на адной, яскрава вылучальнай геаграфічнай прасторы. Часьцей за ўсё гэтая прастора супадала і супадае з абшарам улады якога-небудзь уладара (апошнім часам мы маем абстрактна-безасабовых уладароў, то бок дзяржавы). І ў супрацьлегласьць крэўнасьці, зямляцтва выкшталцоўвае іншыя дзьве асаблівасьці -- полілінгвізм (як мінімум чалавек мусіць ведаць дзьве мовы: мову свойго атачэньня і ligua franca) і разнастайнасьць "практык жыцьця" з адначасовым прызнаньнем свышкаштоўнасьці падданства, інакш вернасьці альбо пэўнай персоне альбо пэўнаму прынцыпу/зводу законаў etc.. Вялікае значэньне такім чынам мае факт прысягі/клятвы вернасьці. "Зямляцтва" моцна прывязана да канкрэтнага, няхай і вялікага, топасу, таму глябалізацыя для "землякоў" хутчэй выпрабаваньне. Аднак на лакальным узроўні прынцып "падданства/вернасьці прысязе" вядзе да талерантнасьці і разнастайнасьці ў грамадска-палітычным жыцьці.

Гэта толькі звышкуртатыя тэзісы, аднак на кожны сказ тут безумоўна можна прывесьці плойму прыкладаў. Складанасьць палягае хутчэй у тым, што ў сучасных грамадствах назіраецца стракатае перамешваньне гэтых двух тыпаў тоеснасьці з часовымі перавагамі то аднаго то іншага. Напэўна варта было б прывесьці прыклады скрайніх праяваў, то бок "поўных перамог" той ці іншай тоеснасьці ў пэўных дзяржавах/грамадствах. Першы тып -- Ізраіль і Арменія, другі -- ЗША.

Для беларусаў цяпер існуе праблема, да якога тыпу схіліцца. І тады, калі мы вызначымся якім чынам мы будуем сваю тоеснасьць -- як крэўныя ці як землякі, -- мы зможам цьвёрда адказаць на пытаньне: "Рыбак, Шагал, Бакст, Суцін, Міцкевіч, Шэрман etc. -- нашы ці не?.."

No comments:

Post a Comment