субота, 1 кастрычніка 2011 г.

Падабенствы, готыка і туркі...

Гэты тэкст — урывак з ліста да знаёмай у Швецыю, спроба занатаваць свае ўражаньні ад трохмесячнага жыцьця ў Нямеччыне адразу пасьля вяртаньня ў Беларусь.

<…> У Нямеччыне быў на поўдні, у Баварыі.

Сярэдняе, па нямецкіх панятках, мястэчка Рэгенсбург, што ляжыць на беразе Дуная. Апошнімі днямі ў навінах ідуць уразлівыя карцінкі тамтэйшай жудаснай паводкі. Так што адчуваньні ў мяне ад тае вандроўкі засталіся нявызначына дзіўнымі. Нібыта ўсё было ў сьне, а зараз во прачнуўся і дзіўлюся, як па целіку паказваюць жахі надвор'я ў далёкай, казачнай, існуючай толькі ў гэтай віртуальнай скрыні, Еўропе… Ёсьць яшчэ адна асацыяцыя. Нібыта езьдзіў я не за тысячу кіламетраў праз дзьве мяжы, а так, па Беларусі пракатаўся, заехаўшы ў якую Гародню ці Наваградак. Не, было б, канечне, наіўным сьцьвярджаць, што паміж Беларусьсю і Нямеччынай няма розьніцы, але цяпер яна падаецца мне нясутнаснай, ці прынамсі ня гэдакай, да якой мы прызвычаіліся…