аўторак, 18 лістапада 2008 г.

Сашэсьце ў пекла


Гэтая карціна не давала мне спакою з таго моманту, як я пабачыў ікону "Сашэсьце ў пекла" ў нашай царкве св. Сафіі Слуцкай і зразумеў, што яны -- карціна і ікона -- нечым падобные і адначасова прынцыпова адрозныя...

"Гісторыя адной карціны" даволі падрабязная, насычаная таннымі жахамі і "ахамі", але адказ на пытаньне "Чаму яна гэдак пужае?" тамака толкам не знойдзены. Як звычайна ў сьвецкіх -- зьбег акалічнасьцяў і рысаў, а ты, глядач/чытач, разумей як хочаш і трымці, калі прымаеш на веру ўсю гэтую "містычную" бздуру...

Прыглядзеўшыся да іконы, я падумаў, якія падобныя постаці Хрыста і таго хлопчыка... Дый не толькі постаці. Рукі за дзьвярыма вельмі нагадваюць рыштунак катаваньня, які раскіданы па самых цёмных закутках пекла. Лялька -- рыхтык Ева. Незразумелае кола ўверсе -- як антытэза Крыжу, які звычайна на іконах трымае Іісус Хрыстос, Пераможца сьмерці... Зачыненыя дзьверы -- пякельная брама, якая паламаная, раскіданая ў розныя бакі... Намінка на кволую траву нагадвае іканаграфічныя намінкі на горы і расьліннасьць...

І тут да мяне дайшло, што карціна -- таксама "Сашэсьце ў пекла", толькі наадварот, ці дакладней, па-іншаму, па-просту без Хрыста. А значыцца няма надзеі на Ўваскрасеньне. І менавіта гэтая безнадзейнасьць так пужае і выклікае неадэкватную рэакцыю душэўна хворых і дзяцей -- тых, хто ўсёткі бліжэй да разуменьня сімбаляў...

А сапраўды -- страшна, бо тут адлюстраваная сітуацыя, калі ты сам на сам з пякельнай брамай. Ужо не так важна, зь якога боку ты стаіш. Безнадзейна тое, што гэтую мяжу, гэтую рысу ты самастойна пераадолець не можаш... Дзяўчынка побач -- без карысьці, што тая лялька... Ёсьць чаго жахацца...

Пасьля таго, як адвядзеш вочы ад гэтай карціны, вельмі хочацца маліцца -- "Госпадзі Іісусе Хрысьце, Той, Хто зруйнаваў пякельныя брамы і вывеў з пекла Адама і Еву, успомні і мяне, грэшнага, калі прыйдзе мой час, каб не застацца мне без надзеі за тою трыклятаю брамаю!.."


Хрыстос сапраўды ўваскрэс!!!