субота, 1 кастрычніка 2011 г.

Падабенствы, готыка і туркі...

Гэты тэкст — урывак з ліста да знаёмай у Швецыю, спроба занатаваць свае ўражаньні ад трохмесячнага жыцьця ў Нямеччыне адразу пасьля вяртаньня ў Беларусь.

<…> У Нямеччыне быў на поўдні, у Баварыі.

Сярэдняе, па нямецкіх панятках, мястэчка Рэгенсбург, што ляжыць на беразе Дуная. Апошнімі днямі ў навінах ідуць уразлівыя карцінкі тамтэйшай жудаснай паводкі. Так што адчуваньні ў мяне ад тае вандроўкі засталіся нявызначына дзіўнымі. Нібыта ўсё было ў сьне, а зараз во прачнуўся і дзіўлюся, як па целіку паказваюць жахі надвор'я ў далёкай, казачнай, існуючай толькі ў гэтай віртуальнай скрыні, Еўропе… Ёсьць яшчэ адна асацыяцыя. Нібыта езьдзіў я не за тысячу кіламетраў праз дзьве мяжы, а так, па Беларусі пракатаўся, заехаўшы ў якую Гародню ці Наваградак. Не, было б, канечне, наіўным сьцьвярджаць, што паміж Беларусьсю і Нямеччынай няма розьніцы, але цяпер яна падаецца мне нясутнаснай, ці прынамсі ня гэдакай, да якой мы прызвычаіліся…

пятніца, 29 ліпеня 2011 г.

Пра гасьціннасьць і абяцаньні

Адзін з паважаных і вельмі пажылых сьвятароў быў днямі распавёў такую гісторыю.

Справа была "за польскім часам" дзесьці паміж Лідай і Пінскам. Праваслаўныя сьвятары аднаго з благачыній па тагачаснай завядзёнцы сабраліся ўсе разам "на фэст" і сядзелі трапезьнічалі пасьля службы ў доме царкоўнага старасты. Пайшоў дождж. І стараста каб паказаць сваю гасьціннасьць дый кажа: Айцы, не адпушчу вас з хаты і буду частаваць, пакуль не скончыцца дожд! Дождж ішоў да ночы, і ноччу і на другі дзень і на трэцьці дзень. Сьвятароў добрая колькасьць, слова трымаць мусіш, стараста ўжо пазабіваў усіх сваіх кур і гусей, дастаў з поргаба ўсю бульбу, пазычаў харч у суседзяў, абы было чым частаваць, але садзіў сьвятароў штодня за стол...
І раніцой чацьвёртага дня, калі пабачыў, што дождж не думае спыняцца, стараста выйшаў на ганак ды выгукнуў у неба: Госпадзі! Няўжо Ты ніколі не прымаў гасьцёў?!?!?!
Увечары дождж прыпыніўся, і сьвятары разьехаліся па сваіх парафіях.

серада, 13 красавіка 2011 г.

Развагі з жалобнай нагоды...

Натуральна, нешта зьмянілася і будзе зьмяняцца ў якасьці рэакцыі на гэтую ненатуральную трагедыю... Нават на ўзроўні разуменьня ветлівасьці ў паводзінах...

Учора езьдзіў у Баранавічы. Электрычка. Чамусьці не захацелася сядаць у другі вагон... Уладкаваўся ў трэцім. Выйшаў у прыбіральню, якая зыходзячы зь нейкіх ідыёцкіх разлікаў чыгуначнікаў знаходзіцца выключна ў першым ці апошнім вагонах. І толькі вяртаючыся, зразумеў, якую я зрабіў памылку. Напружаныя позіркі прысутных у вагоне ў бок майго пульхнага заплечніка. Я спакойна пакінуў, як звычайна, як заўсёды гэта рабіў раней, свае рэчы, бо красьці там няма чаго дый ніколі такога не было -- выхаваная стабільным беларускім жыцьцём бесклапотнасьць. І тут я разумею, што прымусіў хвалявацца дзесяцерох чалавек у вагоне -- "пакінутыя рэчы без дагляду" перасталі быць абстракцыяй назаляючых слых афіцыйных аб'яваў з рэпрадуктараў.

Сьвет зрабіўся яшчэ больш шчыльным. Праз некалькі гадзін пасьля ТАГО да мяне пачалі прыходзіць эсэмэскі і мэйлы з Нямеччыны, Польшы, Швецыі -- "are you o.k.?" Сябры і знаёмы хвалююцца... Пяць кіляў траціла, а хвалі на тысячы кіламетраў...

Мяне не было на Кастрычніцкай у той момант, але я сябе таксама адчуў пад прыцэлам, бо той пераход -- гэта такая кропка, праз якую, калі ты жывеш і працуеш у Менску, так ці інакш праходзіш хаця б раз на дзень... Колькі было сярод знаёмых воклічаў з палёгкай -- "я затрымалася на працы літаральна на дваццаць хвілін!.. Я чамусьці вырашыў пайсьці з работы пешшу!.. Я праехаў тудою на трыццаць хвілін раней!.." Я дарэчы таксама бадзяўся ў той панядзелак у цэнтры горада і некалькі разоў там быў, толькі на некалькі гадзінаў раней...

Ніякіх прадчуваньняў не было, звычайны дзень, рыхтык як у Мілаша W dzień końca świata... Хіба толькі гэта -- у 17:15 я стаяў у кніжным шапіку ў пераходзе да гандлёвага цэнтру "Сталіца" і гартаў "Падземку" Харукі Муракамі. Даўно хацеў яе набыць, але і ў той панядзелак пашкадаваў грошай, паставіў яе на паліцу і паехаў дахаты. Увайшоўшы ў кватэру, быў агаломшаны енкам цешчы -- ну слава Богу, ты не ў горадзе! Там -- выбух!..

субота, 27 лістапада 2010 г.

Купяціцкая ікона

У гэтую нядзелю, 28 лістапада, Праваслаўная Царква адзначае дзень памяці Купяціцкай іконы Прачыстай Багародзіцы.
Зьмешчаная тут выява гэтай іконы -- гэта гравюра, выкананая ў 1638 годзе ў Кіеве.

(скан адсюль: Пуцко В. Г. Барочныя аправы цудадзейных абразоў Маці Божай // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. – Мн., 2001. – С.213-225 )

Самыя падрабязныя зьвесткі пра Купяціцкую ікону -- на Камунікаце.

пятніца, 24 верасня 2010 г.

чароўны трусік

Сёньня забіраў малодшую дачку з дзіцячага садочка. Зьвярнуў увагу на такі вось твор мастацтва на адной са сьцен будынка. Дарэчы, ці не падкажаце, што гэта за тэхніка?..

Чароўны трусік малюе крэйдай плюсік(с) і ці то пудзель Артамон, ці то ваўкалак...



серада, 22 верасня 2010 г.

ЖкЖ: жабрак каля Журавінкі

Даўно хацеў пачаць "рубрыку", то бок увесьці тэму і адпаведны цэтлік, пад умоўнай назвай фота-паляваньне, альбо дакладней мабільна-фота-паляваньне... Вось, учора гэты жабрак, што прытуліўся каля сьценаў "Журавінкі", так уразіў, што я не мог стрымацца, каб не зафоткаць...

панядзелак, 6 верасня 2010 г.

Паштоўка.

Перагортаваць старыя альбомы ды корпацца ў скрынях з фатаграфіямі родзічаў і сваякоў заўсёды цікава, вельмі цікава... А іншым часам бываюць і зусім неверагодныя знаходкі. Сёньня сярод фатаграфій жончынай бабці знайшоў вось такую паштоўку:


Паводле адной антыкварнай крамы атрымліваецца, што такія паштоўкі ўжываліся ў Нямеччыне ў часы Першай сусьветнай вайны. Тая, што захоўвалася ў архіве бабці Ані, падпісаная 1944 годам...

аўторак, 29 чэрвеня 2010 г.

Пра Аргенціну і ня толькі...

У мінулую нядзелю, 27 чэрвеня, я схадзіў на трэцьцяе паседжаньне Майстэрні самастойных падарожжаў. Юры Бірукоў сапраўды вельмі цікава і файна распавядаў пра Аргенціну. Было шмат-шмат-шмат якасных, фантастычных, феерычных фатаграфій. З цікавасьцю даведаўся, што аргенцінцы лічаць сваю краіну калі ні цэнтрам сусьвету, дык прынамсі адной з цэнтральных яго частак, а таксама яны на поўным сур'ёзе прэтэндуюць на чвэрць Антаркціды і на вынаходніцтва ласунку, які па сутнасьці зьяўляецца звычайнай савецкай варанай згушчонкай. І яшчэ у іх ёсьць напой пад назвай Субмарына, дзе ў якасьці пад.лодкі выступае кавалак чакаляды, кінуты ў гарачае малако... ;-) І яшчэ шмат чаго цікавага.

Трэба зазначыць, што адразу бачна, наколькі Юры апантаны вандроўнік. Любіць гэтую справу і любіць і галоўнае -- умее распавядаць пра свае падарожжы. І яшчэ -- з усіх краін ён закаханы ў Індыю ды Непал, і таму нават на гэтай сустрэчы, прысьвечанай Аргеньціне, ён не стрымаўся і пачаў распавядаць пра індыйскі бруд, нэндзу ды непераможную радасьць быцьця тубыльцаў. Але ніхто з прысутных не быў супраць -- усе слухалі, разьзявіўшы рты... з цікавсьцю. :-)



Наконт прэтэнзій Аргенціны на Антарктыку -- тут, калі хто разумее па-гішпанскі. Варта адзначыць, што сярод выспаў, якія прысабечыла Аргентына, ёсьць некалькі ў архепелагу Паўднёвых Шэтладскіх, якія маюць "беларускія" назвы -- выспы Полацак, Бярэзіна і Смаленск... Такія вось кропкі сутыкненьня ў прасторы і гісторыі нашых краінаў.

чацвер, 22 красавіка 2010 г.

Пасьля такіх трэшавых паведамленьняў неяк зусім па іншаму пачынаеш глядзець вось на гэтае графіці ў Лазенках... :-)

аўторак, 26 студзеня 2010 г.

Партрэт мяне...


Вось, так я выглядаю цяперака. З пункту гледжаньня маёй старэйшай дачкі. :-) Днямі былі ехалі ў электрычцы, каб не надта нудзіцца, пачалі маляваць. Дарота паспрабавала рабіць накіды з натуры. Мне здаецца, у яе вельмі добра атрымалася!.. Прынамсі, сябе я адразу пазнаў! ;-)

Напэўна, сталасьць -- гэта калі пачынаеш радаваца й ганарыцца дасягненьнямі свайго дзіцяці больш ніж сваімі ўласнымі...

Карацей, яшчэ адзін год уласнага жыцьця ператварыўся ва ўспаміны, тэчкі лічбававых фотак і спарадычныя запісы ў ЖЖ... Перагортваем старонку. :-)

аўторак, 29 верасня 2009 г.

Відавочнае і ледзьпрыкметнае

Дзіўна, на візіты мінулага патрыярха, хоць іх і было шэсьць, я не зьвяртаў такой пільнай увагі... Дый чаго было асаблівага -- прыехаў, памаліўся, асьвяціў закладку падмурка пад храм ці нешта накшталт. Не было такіх ліхіх наездаў у палітычнае поле, як зараз... Мо таму архімандрыт Аляксій Шынкевіч так шчыра быў запэўніваў журналістаў, што гэты візіт будзе выключна пастырскім, ране жа ж так і было...
Аднак, як не круці, атрымалася інтрыга ва ўзаемаадносінах патрыярха і прэзідэнта, а гэта ўжо палітыка...
Патрыярх гаварыў непрыемныя для прэзідэнта рэчы. Сказаў, што нічога не ведае пра высілкі нашае ўлады ў экуменічным напрамку. Згадаў пра Курапаты як сымбаль пакутаў беларускага народу. Сказаў, што палітыкі, асабліва тыраны накшталт Івана Жахлівага не могуць быць героямі краіны.
Канечне, улады расстараліся ў падрыхтоўцы сустрэчы ганаровага госьця, нават паклапаціліся, каб забясьпечыць прысутнасьць, і "нічтоже сумняшеся" зьнесьлі помнік ахвярам фашыстаў, абы дагадзіць высокаму госьцю з самой Масквыыыы... Ды гэтыя стараньні зусім не схавалі таго, што прэзідэнт відавочна на нешта пакрыўдзіўся... У Віцебску патрыярху давялося выступаць перад значна меншай ніж было запланавана аўдыторыяй. У Палац Рэспублікі прэзідэнту чамусьці справы перашкодзілі прыйсьці, хаця праз дзень ён спакойна прабавіў час, назіраючы за прыгажунямі. І на рэшце -- прэзідэнт запрасіў да нас пана Пан Гі Муна, ды не абы чаго, а каб "правесьці адмысловыя тэматычныя дэбаты Генэральнай Асамблеі ААН ў справе разьвіцьця міжрэлігійнага дыялёгу, у якіх павінны ўзяць удзел усясьветныя лідэры і прадстаўнікі розных канфэсіяў". Маўляў, калі Вы не ведалі пра мае высілкі, то мо пачуеце пра іх на ўзроўні ААН?!!!
Такі вось стромы дыпламатычны дыялог атрымаўся аднак

Цяпер пра тыя моманты, якія уразілі асабіста мяне.
1. "Вітаньне Сінода БПЦ" -- рыторыка пра "славянская трыадзінства" спачатку захаваная, але асноўны тэкст -- спасылка на спадчыну ВКЛ, здаецца гэта просты пералік папярэдніх візітаў патрыярхаў, але вельмі падобнае на такую кволую яшчэ, але магчымую толькі пры дастатковай ступені самастойнасьці, намінку -- ты не проста "не першы" з патрыярхаў РПЦ, хто сюды прыяжджаў, наогул, традыцыя візітаў яшчэ ад Усходніх Патрыярхаў у нас вядзецца... Дарэчы, нават не згадалі, што візіт патрыярха Іерыміі меў сувязь з усталяваньнем патрыяршаства ў Маскве, хаця маглі б...
2. Падарунак прэзідэнта -- ізноў падкрэсьленая повязь са спадчынай ВКЛ. Кіраўнік дзыржавы дарыць копію таго, што раней зрабіў прадстаўнік аднаго з буйных шляхецкіх родаў ВКЛ. Калі б Слуцкае Евангельле дарыў Мітрапаліт Філарэт -- гучаў бы пэўна зусім іншы кантэкст... А тут атрымалася -- Вы канечне нам пра "неад'емную частку" і "благаславеньне саюзнайдзяржавы", але мы Вам тут крыху нагадаем...
3. Я ужо неяк казаў, што сама ідэя сустрэчы папежа і праваслаўнага патрыярха на нашай зямлі -- ідэя, якая ўпершыню была агучаная вялікім князем літоўскім Ягайлам і праз мітрапаліта Кіпрыяна перададзеная ў Канстанцінопаль у 1397 яшчэ годзе. То бок і на полі "экуменічнага дыялогу" наш прэзідэнт абапіраецца на традыцыю ВКЛ... Праўда, тая ўпартасьць, зь якой ён піхае гэтае пытаньне (калі меркаваць па тым, што словы патрыярха Лукашэнку не зьбянтэжылі і ён зьвярнуўся да іншых аўтарытэтаў)), выклікае непакой -- нагадвае упартасьць Жыгімонта Вазы... ізноў жа, хоць і сумная, але спадчына ВКЛ...