аўторак, 29 чэрвеня 2010 г.

Пра Аргенціну і ня толькі...

У мінулую нядзелю, 27 чэрвеня, я схадзіў на трэцьцяе паседжаньне Майстэрні самастойных падарожжаў. Юры Бірукоў сапраўды вельмі цікава і файна распавядаў пра Аргенціну. Было шмат-шмат-шмат якасных, фантастычных, феерычных фатаграфій. З цікавасьцю даведаўся, што аргенцінцы лічаць сваю краіну калі ні цэнтрам сусьвету, дык прынамсі адной з цэнтральных яго частак, а таксама яны на поўным сур'ёзе прэтэндуюць на чвэрць Антаркціды і на вынаходніцтва ласунку, які па сутнасьці зьяўляецца звычайнай савецкай варанай згушчонкай. І яшчэ у іх ёсьць напой пад назвай Субмарына, дзе ў якасьці пад.лодкі выступае кавалак чакаляды, кінуты ў гарачае малако... ;-) І яшчэ шмат чаго цікавага.

Трэба зазначыць, што адразу бачна, наколькі Юры апантаны вандроўнік. Любіць гэтую справу і любіць і галоўнае -- умее распавядаць пра свае падарожжы. І яшчэ -- з усіх краін ён закаханы ў Індыю ды Непал, і таму нават на гэтай сустрэчы, прысьвечанай Аргеньціне, ён не стрымаўся і пачаў распавядаць пра індыйскі бруд, нэндзу ды непераможную радасьць быцьця тубыльцаў. Але ніхто з прысутных не быў супраць -- усе слухалі, разьзявіўшы рты... з цікавсьцю. :-)



Наконт прэтэнзій Аргенціны на Антарктыку -- тут, калі хто разумее па-гішпанскі. Варта адзначыць, што сярод выспаў, якія прысабечыла Аргентына, ёсьць некалькі ў архепелагу Паўднёвых Шэтладскіх, якія маюць "беларускія" назвы -- выспы Полацак, Бярэзіна і Смаленск... Такія вось кропкі сутыкненьня ў прасторы і гісторыі нашых краінаў.