пятніца, 22 жніўня 2008 г.

Такі месяц

...месяц жніва, ураджаю, месяц плёну, і таму -- месяц сьмерці і перамены жыцьця час рахаваньня папярэдніх намаганьняў, сумаваньне вынікаў і час пачатку чагосьці новага, іншым разам нечувана новага... У жніўні пачыналіся дзьве сусьветныя вайны, уводзіліся войскі ў Прагу, дабівалі Савецкі Саюз, увасоблены ў маразматычным ГКЧП... Зыходзячы з такой асаблівасьці, менавіта пасьля жніўню вельмі лагічна было б пачынаць новы год, як гэта рабілі да васемнаццатага стагоддзя, і як гэта зараз усё яшчэ робіць Царква. Паводле такога календара зараз -- апошні месяц 2007 году...

Напэўна з тае ж прычыны менавіта ў жніўні адчуваеш найбольш абвострана бязладнасьць уласнага жыцьця. Хочацца штосьці зьмяніць, кудысьці падзецца, рыпнуцца, пачаць новае жыцьцё нарэшце (як гэта патасна гучыць, халерррра...), перагарнуць старонку, больш менш асэнсавана азірнуцца, навесьці парадак у паперах, зрабіць нейкія глабальныя высновы адносна ўласных дасягненьняў і перспектываў. І штосьці нарэшце зрабіць вартае, штосьці перамяніць... альбо памерці ад сьпякоты і нуды.

субота, 2 жніўня 2008 г.

Пра Афанасія Берасьцейскага

Сёньня Праваслаўная Царква адзначае памяць прарока Іліі, асноўнай заслугай якога заўсёды лічылася моц і непахіснасьць веры. Сёньня ж адзначаецца аднойдзеньне ў 1649 годзе мошчаў сьвятога прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Берасьцейскага, чалавека, які таксама паказаў нам яскравы прыклад вернасьці і адданага служэньня Госпаду. Асабіста для мяне супадзеньне дат памяці гэтых двух сьветачаў веры здаецца невыпадковым і сімвалічным. У нечым постаць сьвятога Афанасія вельмі набліжаецца да вобраза ветхазаветнага прарока. Асноўнае, што іх збліжае -- задача давесьці да сьвядомасьці сучасьнікаў суайчыньнікаў волю Божую ва ўмовах практычна паўсюднага адступніцтва і малавер'я.

Мы ня ведаем, зь якіх мясьцін і з якой дакладна сям'і паходзіў Афанасій. Вядомае прозьвішча -- Філіповіч -- і, калі меркаваць па "Надгробку", які склалі манахі Сьвята-Сімяёнаўскага манастыра, ягоным родным местам усё ж такі было Бярэсьце.
Ён атрымаў выдатную адукацыю. Вучыўся не толькі ў адной з брацкіх школаў (у Берасьці ці Вільні), але таксама вельмі верагодна, што Афанасій атрымаў пэўныя веды ў адным з іезуіцкіх калегіюмаў. У 1627 годзе ён прымае манаскі пострыг з імём Афанасій. Дзесяць гадоў добрасумленна служыць у розных манастырах Вялікага княства і Кароны. Нарэшце Афанасій апынуўся ў Купяціцкім манастыры пад Пінскам, дзе першы раз ён удастоены яўленьня Божае Маці, Якая гаворыць яму ісьці па міластыню ў Маскву. Афанасій зьдзяйсьняе гэтае небясьпечнае па тым часе падарожжа. Аднак можна меркаваць, што ягонае паведамленьне аб Боскай волі і ягоны імпэт не былі прыняты ў Маскве прыхільна. Інакш, чаму гэта праваслаўны манах выпраўляецца "восвоясі" з адзінай на той час праваслаўнай сталіцы літаральна напярэдадні Пасхі, у "Цветную неделю", дакладна ведаючы, што сустракаць Сьвята сьвятаў яму давядзецца ў дарозе?..
У 1640 годзе Афанасій робіцца ігуменам Сімяёнаўскага манастыра ў Бярэсьці. Ён пачынае актыўна абараняць правы праваслаўных у гэтым горадзе, даходзіць са справай берасьцейскага брацтва да вышэйшых ураднікаў дзяржавы і ўрэшце выступае на Шасьцітыднёвым сейме 1643 года з даволі рэзкай суплікай, клічачы караля скасаваць унію, з-за якой праваслаўным давялося цяперпець гэтулькі несправядлівых крыўдаў. Аднак ягонае выступленьне было крыху недарэчным для самаго мітрапаліта Пятра Магілы, які як раз тады праводзіў тайныя перамовы з каралём, сенатарамі і каталіцкімі біскупамі аб магчымасьці новай уніі, дый наогул мітрапаліт лічыў, што выгодаў для Праваслаўнай Царквы можна дабіцца хутчэй дыпламатычнымі сродкамі, а не такімі ультыматыўнымі дэмаршамі. І Афанасій пацярпеў ад сваіх жа -- мітрапаліт загадаў яго кінуць у вязьніцу да заканчэньня сейму, і менавіта мітрапалічыя служкі ганяліся за Афанасіям па Варшаве і білі яго ў раўчуку пад Кракаўскай брамай, калі Афанасій быў зьбег з пад варты і юродстваваў на вуліцах, крычаўшы на латыні праклёны адступнікам. Трэба адзначыць усёт'кі, што стаўленьне мітрапаліта Пятра да Афанасія не было выключна адмоўным. Урэшце рэшт суд духоўнай кансісторыі такі апраўдаў Афанасія і ён вярнуўся да сваіх абявязкаў ігумена ў Бярэсьце.
Ня гледзячы на такога кшталту "вразумленія", Афанасій працягвае "суплікаваць". І тлумачэньне такой упартасьці не ў асаблівасьць характару. Афанасій некалькі разоў бачыць Божую Маці, Якая загадвае яму ісьці да караля і давесьці волю Бога -- калі не скасуе уніі, дзяржаве давядзецца вельмі дрэнна, а пакуль ёсьць час на выпраўленьне становішча... Цікава тое, што сам Афанасій прызнаецца, што яму такая "місія" зусім не да спадобы, яму мілейшая простая малітва ў адзіноце ў кельлі, а тут ён мусіць ісьці да вышэйшых асобаў і нешта даводзіць, пры чым такое, што каралём можа быць неўспрынята цалкам. Аднак пасьля пэўных ваганьняў Афанасій ідзе... Памятаеце, ветхазаветныя прарокі таксама не ўсе і не адразу прымалі на сябе гэты цяжар -- прамаўляць людзям волю Божую тут і цяпер. Вагаўся Маісей, выпрабоўваў Бога Гедэён...
Афанасія саджаюць у вязніцу другі раз -- цяпер ужо сьвецкія ўлады нібыта з-за так званай справы Яна Лубы. З астрогу Афанасій піша лісты каралю Уладзіславу IV. І што дзіўна, некаторыя з гэтых лістоў кароль не толькі чытае сам, але і загадвае чытаць пад час абеду ўсім прысутным сенатарам і магнатам. Афанасій просіць аб сустрэчы, і кароль ужо быў яе прызначыў, але яго адгаварылі ад такой "авантуры" іезуіты. Цікава, чаго гэта ім было гэдак непакоіцца з-за адной сустрэчы караля з нейкім там манахам?.. Напэўна, яны адчулі небясьпеку ў аргументах Афанасія, бо каб давесьці слушнасьць скасаваньня ўніі, Афанасій мусіў давесьці спачатку няслушнасьць пазіцыі Касьцёла, ерэтычнасьць папства. І ён шмат пра гэта пісаў каралю, выкарыстоўваючы ў сваіх аргументацыях думкі і цытаты заходніх мысьляроў: Станіслава Аржахоўскага, Юста Ліпсіюша, Альфонса дэ Кастро. Відаць, нешта зачапіла ў ягоных развагах Ўладзіслава, што кароль хацеў быў сустрэцца, "ды не далі"...
Урэшце Афанасія адпраўляюць далей з Варшавы, у Кіеў, дзе ён у 1646 годзе зьбірае разам усе лісты, суплікі ды дакументы, датычныя ягонай "няёмкай" для ўладаў дзейнасьці, і апрацаваўшы гэты матэрыял, падае на разгляд мітрапаліту Пятру ў выглядзе так званага "Дыярыюша". Так зьявіўся "выбітны твор старабеларускай літаратуры", які менавіта філолагі на дадзены момант больш за ўсё і дасьледваюць.
Потым Афанасій вяртаецца ў Бярэсьце. І ў 1648 годзе на пачатку восені яго растралялі па выроку каптуровага суда (такога кшталту прататып сумнавядомых "троек"), пры чым інкрымінаванае "супрацоўніцтва з паўстаўшымі казакамі" нічым не было падцьверджанае...

Ну вось, калі коратка пра сьвятога Афанасія Берасьцейскага.
Прабачце за гугнівасьць і сумбурнасьць выкладу.