нядзеля, 9 снежня 2007 г.

нешта накшталт праграмнага

Згодна з http://slounik.org/153477.html "паабапал" -- гэта прыназоўнік, які ўжываецца для ўказання на размяшчэнне па абодва бакі чаго-н., да таго ж "спалучэнне з прыназ. паабапал выражае прасторавыя адносіны". І гэта самае "смачнае" ў гэтым слове!.."Паабапал" -- часьцей за ўсё спалучаецца с чымсьці накшталт шнара -- дарога, шлях, чыгунка, рака, вуліца, калідор урэшце. Спалучаецца з тым, па чым мусіш рухацца, рух прадугледжвае мэту. Прынамсі, актыўны рух, а не калі табе далі пендаля... Калі ты карыстаесься прыназоўнікам "паабапал", ты сьцьвярджаеш, што знаходзісься дзесьці ў цэнтры, на шляху, і да таго ж ты будуеш, апісваеш, спазнаеш прастору адносна сябе... Гэта не Беларусь паміж Польшчай і Расеяй, а Расея і Польшча паабапал Беларусі. Адчуваеце розьніцу?.."Паабапал" -- гэта не дыялектычная двухбаковасьць. Гэта назіраньне, калі ты сочыш за абодвума бакамі дарогі, але толькі ў той ступені пільна, у якой гэта патрэбна і карысна, і не замінае твайму руху... Урэшце, "паабапал" бліжэй да панятку "антыномія", чым да "тэзіса" з "антытэзісам"... Бо тэзіс з антытэзісам -- гэта проста два слупы, паміж якімі можна бегаць бясконца, а антыномія -- гэта калі тыя ж слупы стаяць паабапал дарогі, то бок паказваюць табе, што вось дзесьці тут твайму глузду трэба рухацца...