серада, 13 красавіка 2011 г.

Развагі з жалобнай нагоды...

Натуральна, нешта зьмянілася і будзе зьмяняцца ў якасьці рэакцыі на гэтую ненатуральную трагедыю... Нават на ўзроўні разуменьня ветлівасьці ў паводзінах...

Учора езьдзіў у Баранавічы. Электрычка. Чамусьці не захацелася сядаць у другі вагон... Уладкаваўся ў трэцім. Выйшаў у прыбіральню, якая зыходзячы зь нейкіх ідыёцкіх разлікаў чыгуначнікаў знаходзіцца выключна ў першым ці апошнім вагонах. І толькі вяртаючыся, зразумеў, якую я зрабіў памылку. Напружаныя позіркі прысутных у вагоне ў бок майго пульхнага заплечніка. Я спакойна пакінуў, як звычайна, як заўсёды гэта рабіў раней, свае рэчы, бо красьці там няма чаго дый ніколі такога не было -- выхаваная стабільным беларускім жыцьцём бесклапотнасьць. І тут я разумею, што прымусіў хвалявацца дзесяцерох чалавек у вагоне -- "пакінутыя рэчы без дагляду" перасталі быць абстракцыяй назаляючых слых афіцыйных аб'яваў з рэпрадуктараў.

Сьвет зрабіўся яшчэ больш шчыльным. Праз некалькі гадзін пасьля ТАГО да мяне пачалі прыходзіць эсэмэскі і мэйлы з Нямеччыны, Польшы, Швецыі -- "are you o.k.?" Сябры і знаёмы хвалююцца... Пяць кіляў траціла, а хвалі на тысячы кіламетраў...

Мяне не было на Кастрычніцкай у той момант, але я сябе таксама адчуў пад прыцэлам, бо той пераход -- гэта такая кропка, праз якую, калі ты жывеш і працуеш у Менску, так ці інакш праходзіш хаця б раз на дзень... Колькі было сярод знаёмых воклічаў з палёгкай -- "я затрымалася на працы літаральна на дваццаць хвілін!.. Я чамусьці вырашыў пайсьці з работы пешшу!.. Я праехаў тудою на трыццаць хвілін раней!.." Я дарэчы таксама бадзяўся ў той панядзелак у цэнтры горада і некалькі разоў там быў, толькі на некалькі гадзінаў раней...

Ніякіх прадчуваньняў не было, звычайны дзень, рыхтык як у Мілаша W dzień końca świata... Хіба толькі гэта -- у 17:15 я стаяў у кніжным шапіку ў пераходзе да гандлёвага цэнтру "Сталіца" і гартаў "Падземку" Харукі Муракамі. Даўно хацеў яе набыць, але і ў той панядзелак пашкадаваў грошай, паставіў яе на паліцу і паехаў дахаты. Увайшоўшы ў кватэру, быў агаломшаны енкам цешчы -- ну слава Богу, ты не ў горадзе! Там -- выбух!..