аўторак, 18 лістапада 2008 г.

Сашэсьце ў пекла


Гэтая карціна не давала мне спакою з таго моманту, як я пабачыў ікону "Сашэсьце ў пекла" ў нашай царкве св. Сафіі Слуцкай і зразумеў, што яны -- карціна і ікона -- нечым падобные і адначасова прынцыпова адрозныя...

"Гісторыя адной карціны" даволі падрабязная, насычаная таннымі жахамі і "ахамі", але адказ на пытаньне "Чаму яна гэдак пужае?" тамака толкам не знойдзены. Як звычайна ў сьвецкіх -- зьбег акалічнасьцяў і рысаў, а ты, глядач/чытач, разумей як хочаш і трымці, калі прымаеш на веру ўсю гэтую "містычную" бздуру...

Прыглядзеўшыся да іконы, я падумаў, якія падобныя постаці Хрыста і таго хлопчыка... Дый не толькі постаці. Рукі за дзьвярыма вельмі нагадваюць рыштунак катаваньня, які раскіданы па самых цёмных закутках пекла. Лялька -- рыхтык Ева. Незразумелае кола ўверсе -- як антытэза Крыжу, які звычайна на іконах трымае Іісус Хрыстос, Пераможца сьмерці... Зачыненыя дзьверы -- пякельная брама, якая паламаная, раскіданая ў розныя бакі... Намінка на кволую траву нагадвае іканаграфічныя намінкі на горы і расьліннасьць...

І тут да мяне дайшло, што карціна -- таксама "Сашэсьце ў пекла", толькі наадварот, ці дакладней, па-іншаму, па-просту без Хрыста. А значыцца няма надзеі на Ўваскрасеньне. І менавіта гэтая безнадзейнасьць так пужае і выклікае неадэкватную рэакцыю душэўна хворых і дзяцей -- тых, хто ўсёткі бліжэй да разуменьня сімбаляў...

А сапраўды -- страшна, бо тут адлюстраваная сітуацыя, калі ты сам на сам з пякельнай брамай. Ужо не так важна, зь якога боку ты стаіш. Безнадзейна тое, што гэтую мяжу, гэтую рысу ты самастойна пераадолець не можаш... Дзяўчынка побач -- без карысьці, што тая лялька... Ёсьць чаго жахацца...

Пасьля таго, як адвядзеш вочы ад гэтай карціны, вельмі хочацца маліцца -- "Госпадзі Іісусе Хрысьце, Той, Хто зруйнаваў пякельныя брамы і вывеў з пекла Адама і Еву, успомні і мяне, грэшнага, калі прыйдзе мой час, каб не застацца мне без надзеі за тою трыклятаю брамаю!.."


Хрыстос сапраўды ўваскрэс!!!

пятніца, 10 кастрычніка 2008 г.

Сямейныя кронікі. 1

Мае баба Таня і дзед Мікалай (па бацькавай лініі) узялі шлюб у 1936 годзе. Бабулька была з зусім беднай сям'і, а дзед -- з больш багатай (але відаць не надта). Праз гэтую беднасьць баба Таня, дарэчы, была вымушаная кінуць сваё першае каханьне, бо той хлопец быў яшчэ бяднейшы. Так што шлюб быў па разьліку -- з боку бацькоў Тацьцяны, і па паслушэнству -- з боку самой Тацьцяны.
Паслухалася Тацьцяна не толькі сваіх бацькоў, але яшчэ і навамыскага бацюшку, які яе адгаварыў ісьці ў манастыр (куды бабця была сабралася, зразумеўшы, што "па-любові" шлюб ёй не сьвеціць).
Як потым успамінала сама бабулька, "айцец Вінцукевіч" казаў ёй: "Танечка, цяперака час такі, што трэба дзяцей ражаць і ў веры іх выхоўваць, бо інакш вера нашая і не захаваецца мабыць, ты ж бачыш, што вакол робіцца." Тацьцяна нарадзіла пяцёх дзяцей, за часамі вайны памёрла тры зь іх, засталіся два сына -- старэйшы і самы малодшы, абодва сталі праваслаўнымі сьвятарамі...

Баба Таня ні воднага дня не рабіла ў калгасе. Калі прыйшлі "трэцьцяі саветы", яна сказала, што на безбожнікаў працаваць не будзе. І забараніла гэта рабіць свайму мужу. Тое, што яна гаспадар у хаце, адчуваў нават я у свае падшыванскія чатыры гады, калі бацьке часьцяком пакідалі мяне летам у вёсцы. Але каб выконваць гэтае рашэньне жонкі дзеду Мікалаю відаць не трэба было доўга вагацца. Асабліва пасьля такіх "прыколаў", якія адбыліся ў 1951 -- 1952 гадах. Вось, два дакументы, якія захаваліся ў сямейным "архіве":

Пераказваючы коратка сутнасьць справы: у восень 1951 году калгас забраў у дзеда Мікалая зямлю, а замаст адабранага даў "кампенсацыю". Аднак новы участак быў і занадта далёка і зямля была дрэнь... Дый нават калі і не так, дзед напэўна проста пайшоў на прынцып, і араў СВАЮ зямлю, якую калгас імя Булгарына з верасьня 51га лічыў калгаснай. Адна бачце як лоўка ўчыніў прадядацель -- ён дачакаўся, пакуль пасаджанае маім дзедам высьпее і потым гэта сабраў, зразумела на карысьць калгаса. А паколькі дзед не апрацоўваў тое, што "обязан был", дык у яго і не хапіла на выплату дзяржаўнага аброку, які вінны былі плаціць усе, хто не пайшоў у калгас. Забралі літаральна апошняе, што хоць якікольвек кошт мела, яшчэ і паперку пакінулі... Дзед Мікалай у калгас усё роўна не пайшоў. Нейкімі праўдамі-няпраўдамі ўладкаваўся качагарам на Баранавіцкую ТЭЦ. праз год абпаліў руку. Пайшла гангрэна, руку аднялі. Сям'я жыла з прысядзібнай зямлі (25 сотак) і на тыя грошы, якія выплочвала дзяржава як "пенсію па інваліднасьці".

Яшчэ адна заўвага на конт дакументаў. З гэтых дзьвюх паперак бачна, наколькі кіраўніцтва "на версе" не падрабязна разбіралася у справах "на месцы". У "даведцы" таварышу Аксёнаву пераблыталі назву вёскі. Мой дзед жыў у МУцькавічах, а МІцькавічы -- гэта 15 км на пошнач, бліжэй да Моўчадзі. Можа каб ня блытаць, чынушы ў 60-х пераіменавалі нашу вёсачку ў ідэялагічна-стэрыльнае "Звёзднае", млін...

Бадай, адзіны фотаздымак дзеда Мікалая "у апошнія гады жыцьця", на кавалачку зямлі -- 25 прысядзібных сотак, якія урэшце рэшт пакінуў дзеду калгас:

Я добра разумею, што з улікам "кантэкста эпохі" так бы мовіць, мой дзед аддзелаўся лёккім іспугам, і рэальна такія залупаньні маглі каштаваць значна даражэй, аднак тое, што дзеду "пашчасьціла" -- лішні раз паказвае, наколькі жахлівым і крохкім было становішча селяніна пры "трэцьціх саветах"...



пятніца, 22 жніўня 2008 г.

Такі месяц

...месяц жніва, ураджаю, месяц плёну, і таму -- месяц сьмерці і перамены жыцьця час рахаваньня папярэдніх намаганьняў, сумаваньне вынікаў і час пачатку чагосьці новага, іншым разам нечувана новага... У жніўні пачыналіся дзьве сусьветныя вайны, уводзіліся войскі ў Прагу, дабівалі Савецкі Саюз, увасоблены ў маразматычным ГКЧП... Зыходзячы з такой асаблівасьці, менавіта пасьля жніўню вельмі лагічна было б пачынаць новы год, як гэта рабілі да васемнаццатага стагоддзя, і як гэта зараз усё яшчэ робіць Царква. Паводле такога календара зараз -- апошні месяц 2007 году...

Напэўна з тае ж прычыны менавіта ў жніўні адчуваеш найбольш абвострана бязладнасьць уласнага жыцьця. Хочацца штосьці зьмяніць, кудысьці падзецца, рыпнуцца, пачаць новае жыцьцё нарэшце (як гэта патасна гучыць, халерррра...), перагарнуць старонку, больш менш асэнсавана азірнуцца, навесьці парадак у паперах, зрабіць нейкія глабальныя высновы адносна ўласных дасягненьняў і перспектываў. І штосьці нарэшце зрабіць вартае, штосьці перамяніць... альбо памерці ад сьпякоты і нуды.

субота, 2 жніўня 2008 г.

Пра Афанасія Берасьцейскага

Сёньня Праваслаўная Царква адзначае памяць прарока Іліі, асноўнай заслугай якога заўсёды лічылася моц і непахіснасьць веры. Сёньня ж адзначаецца аднойдзеньне ў 1649 годзе мошчаў сьвятога прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Берасьцейскага, чалавека, які таксама паказаў нам яскравы прыклад вернасьці і адданага служэньня Госпаду. Асабіста для мяне супадзеньне дат памяці гэтых двух сьветачаў веры здаецца невыпадковым і сімвалічным. У нечым постаць сьвятога Афанасія вельмі набліжаецца да вобраза ветхазаветнага прарока. Асноўнае, што іх збліжае -- задача давесьці да сьвядомасьці сучасьнікаў суайчыньнікаў волю Божую ва ўмовах практычна паўсюднага адступніцтва і малавер'я.

Мы ня ведаем, зь якіх мясьцін і з якой дакладна сям'і паходзіў Афанасій. Вядомае прозьвішча -- Філіповіч -- і, калі меркаваць па "Надгробку", які склалі манахі Сьвята-Сімяёнаўскага манастыра, ягоным родным местам усё ж такі было Бярэсьце.
Ён атрымаў выдатную адукацыю. Вучыўся не толькі ў адной з брацкіх школаў (у Берасьці ці Вільні), але таксама вельмі верагодна, што Афанасій атрымаў пэўныя веды ў адным з іезуіцкіх калегіюмаў. У 1627 годзе ён прымае манаскі пострыг з імём Афанасій. Дзесяць гадоў добрасумленна служыць у розных манастырах Вялікага княства і Кароны. Нарэшце Афанасій апынуўся ў Купяціцкім манастыры пад Пінскам, дзе першы раз ён удастоены яўленьня Божае Маці, Якая гаворыць яму ісьці па міластыню ў Маскву. Афанасій зьдзяйсьняе гэтае небясьпечнае па тым часе падарожжа. Аднак можна меркаваць, што ягонае паведамленьне аб Боскай волі і ягоны імпэт не былі прыняты ў Маскве прыхільна. Інакш, чаму гэта праваслаўны манах выпраўляецца "восвоясі" з адзінай на той час праваслаўнай сталіцы літаральна напярэдадні Пасхі, у "Цветную неделю", дакладна ведаючы, што сустракаць Сьвята сьвятаў яму давядзецца ў дарозе?..
У 1640 годзе Афанасій робіцца ігуменам Сімяёнаўскага манастыра ў Бярэсьці. Ён пачынае актыўна абараняць правы праваслаўных у гэтым горадзе, даходзіць са справай берасьцейскага брацтва да вышэйшых ураднікаў дзяржавы і ўрэшце выступае на Шасьцітыднёвым сейме 1643 года з даволі рэзкай суплікай, клічачы караля скасаваць унію, з-за якой праваслаўным давялося цяперпець гэтулькі несправядлівых крыўдаў. Аднак ягонае выступленьне было крыху недарэчным для самаго мітрапаліта Пятра Магілы, які як раз тады праводзіў тайныя перамовы з каралём, сенатарамі і каталіцкімі біскупамі аб магчымасьці новай уніі, дый наогул мітрапаліт лічыў, што выгодаў для Праваслаўнай Царквы можна дабіцца хутчэй дыпламатычнымі сродкамі, а не такімі ультыматыўнымі дэмаршамі. І Афанасій пацярпеў ад сваіх жа -- мітрапаліт загадаў яго кінуць у вязьніцу да заканчэньня сейму, і менавіта мітрапалічыя служкі ганяліся за Афанасіям па Варшаве і білі яго ў раўчуку пад Кракаўскай брамай, калі Афанасій быў зьбег з пад варты і юродстваваў на вуліцах, крычаўшы на латыні праклёны адступнікам. Трэба адзначыць усёт'кі, што стаўленьне мітрапаліта Пятра да Афанасія не было выключна адмоўным. Урэшце рэшт суд духоўнай кансісторыі такі апраўдаў Афанасія і ён вярнуўся да сваіх абявязкаў ігумена ў Бярэсьце.
Ня гледзячы на такога кшталту "вразумленія", Афанасій працягвае "суплікаваць". І тлумачэньне такой упартасьці не ў асаблівасьць характару. Афанасій некалькі разоў бачыць Божую Маці, Якая загадвае яму ісьці да караля і давесьці волю Бога -- калі не скасуе уніі, дзяржаве давядзецца вельмі дрэнна, а пакуль ёсьць час на выпраўленьне становішча... Цікава тое, што сам Афанасій прызнаецца, што яму такая "місія" зусім не да спадобы, яму мілейшая простая малітва ў адзіноце ў кельлі, а тут ён мусіць ісьці да вышэйшых асобаў і нешта даводзіць, пры чым такое, што каралём можа быць неўспрынята цалкам. Аднак пасьля пэўных ваганьняў Афанасій ідзе... Памятаеце, ветхазаветныя прарокі таксама не ўсе і не адразу прымалі на сябе гэты цяжар -- прамаўляць людзям волю Божую тут і цяпер. Вагаўся Маісей, выпрабоўваў Бога Гедэён...
Афанасія саджаюць у вязніцу другі раз -- цяпер ужо сьвецкія ўлады нібыта з-за так званай справы Яна Лубы. З астрогу Афанасій піша лісты каралю Уладзіславу IV. І што дзіўна, некаторыя з гэтых лістоў кароль не толькі чытае сам, але і загадвае чытаць пад час абеду ўсім прысутным сенатарам і магнатам. Афанасій просіць аб сустрэчы, і кароль ужо быў яе прызначыў, але яго адгаварылі ад такой "авантуры" іезуіты. Цікава, чаго гэта ім было гэдак непакоіцца з-за адной сустрэчы караля з нейкім там манахам?.. Напэўна, яны адчулі небясьпеку ў аргументах Афанасія, бо каб давесьці слушнасьць скасаваньня ўніі, Афанасій мусіў давесьці спачатку няслушнасьць пазіцыі Касьцёла, ерэтычнасьць папства. І ён шмат пра гэта пісаў каралю, выкарыстоўваючы ў сваіх аргументацыях думкі і цытаты заходніх мысьляроў: Станіслава Аржахоўскага, Юста Ліпсіюша, Альфонса дэ Кастро. Відаць, нешта зачапіла ў ягоных развагах Ўладзіслава, што кароль хацеў быў сустрэцца, "ды не далі"...
Урэшце Афанасія адпраўляюць далей з Варшавы, у Кіеў, дзе ён у 1646 годзе зьбірае разам усе лісты, суплікі ды дакументы, датычныя ягонай "няёмкай" для ўладаў дзейнасьці, і апрацаваўшы гэты матэрыял, падае на разгляд мітрапаліту Пятру ў выглядзе так званага "Дыярыюша". Так зьявіўся "выбітны твор старабеларускай літаратуры", які менавіта філолагі на дадзены момант больш за ўсё і дасьледваюць.
Потым Афанасій вяртаецца ў Бярэсьце. І ў 1648 годзе на пачатку восені яго растралялі па выроку каптуровага суда (такога кшталту прататып сумнавядомых "троек"), пры чым інкрымінаванае "супрацоўніцтва з паўстаўшымі казакамі" нічым не было падцьверджанае...

Ну вось, калі коратка пра сьвятога Афанасія Берасьцейскага.
Прабачце за гугнівасьць і сумбурнасьць выкладу.

чацвер, 8 мая 2008 г.

Krzysztof Pomian: Historia a pamięć

Каншпект лекцыі, якая была прачытаная ў Музеі Гісторыі Польшчы 8 траўня 2008 году

  • Pamięć jest spantaniczna a historia jest krytyczna.
  • Нават калі памяць і гісторыя займаюцца адной рэччу -- падыходы настолькі розныя, што можна казаць, што мы маем справу з рознымі рэчамі.
  • Памяць належыць розным групам. Гісторыя -- усеагульная. Гісторыя -- маёмасьць ідэальнай групы, якая разцягнутая ў часе і прасторы. Памяць -- канфліктагенная. Гісторыя дыстанцыруецца ад варагуючых бакоў, яна прынамсі спрабуе атамаваць канфлікты, каб зрабіць іх хаця б не драматычнымі (адсюль -- гісторыя працуе на дэмакратыю/знаходзіцца ў яе падмурку).
  • Для гісторыка праблема -- не выдаваць "запіс памяці" за працу гісторыка. Хаця канечне запіс памяці ёсьць першай справай гісторыка, але ён мусіць ісьці далей.
  • Музей нельга разглядаць як нешта накшталт кнігі. Асноўнае ў музеі -- адбываецца інсцэнізацыя прадметаў.
  • Muzeum ma tożsamaściową intencję, ergo muzeum nie moga być "muzeum pamięci". Сучасныя народы падзеленыя ўнутры сябе на розныя групы. Ergo нельга навязаць адну памяць на ўвесь народ. Перамогшая памяць толькі адной групы заўсёды помсьціць.
  • Сучасная акадэмічная гісторыя адарваная ад рэальнага жыцьця. Людзей не цікавіць, колькі іх продкі атрымлівалі прыбытку на чалавека ў XVIII ст. напрыклад. Ergo музей мусіць трымаць сувязь з грамадствам.
  • Мэта Музея Гісторыі Польшчы, ІМГО, паказаць, як з "грамадства станаў" (дзе былі розныя памяці розных "сасловій") прыйшлі да "народа польскага", паказаць кшталтаваньне "народнай сьвядомасьці". Такім чынам можна знайсьці месца для розных памяцяў пад адным дахам аднаго музея.
  • Людзі прыходзяць у музей не для таго каб вучыцца. Музей не мае права быць нудным, нецікавым. Музей -- гэта не энцыкляпедыя ergo мусіць быць сьвядомы выбар экспанатаў і экспазіцый. Музей -- гэта хутчэй агора, чым сьвятыня.

серада, 7 мая 2008 г.

Варшаўскія замалёўкі

Яны ўсё яшчэ ваююць...

пятніца, 29 лютага 2008 г.

Прачытаў Дэвіда Мітчэла "Сон №9". Спадабалася. Месцамі вельмі напружаны, захапляючы сюжэт, іранічныя (традыцыйны англійскі гумар) заўвагі і параўнаньні, алюзіі і кепікі з вядомых твораў англамоўнай і японскай літаратуры. Аднак ня гледзячы на гэтую аўтарскую ўсьмешку Чэшырскага ката і шматлікія сюррэалістычныя выбрыкі, тут закранутыя пэўныя сур'ёзныя тэмы. Ёсьць з чаго пасьмяяцца, і ёсьць падставы для разваг.
Такім чынам, як пачынаюць усе афіцыйныя анатацыі -- дваццацігадовы вясковы хлопец прыяжджае ў Токё адшукаць свайго бацьку... Гісторыя гэтых пошукаў падзяляецца на восем частак. Зыходзячы з назвы, іх можна было б назваць снамі, аднак гэта ўсёт'кі раман пра рэальнасьць, і сюррэалістычнае, мройнае ў ім займае не галоўнае, дапаможнае месца. Уласна мроі і сны пераплеценыя з аповедам толькі ў першай і апошняй частках, у іншых разделах Мітчэл выкарыстоўвае іншыя контрапункты (ці гэта можна было б назваць і камертонамі) -- паралельны аповед, знак іншай рэальнасьці, тое, што не тут, але нейкім чынам прысутнічае і ўплывае на зараз ідучую рэчаіснасьць. Гэта могуць быць успаміны, фантазіі, пісьменьніцкія эксперыменты ў выглядзе казкі, чыесьці дзёньнікавыя запісы. Даволі цікавы стэрыя-эфект. Самым уражваючымі ў гэтым плане для мяне былі дзьве рэчы. Першая: у самы напружаны для героя момант -- ён думае, што яго вось вось павінны забіць якудза -- ягоныя ўспаміны і становяцца гэдакім "знакам іншай нерэальнай рэальнасьці", нечым мройным, ягонае ўласнае жыцьцё за імгненьне пралятае перад ягонымі вачыма як сон, мроя, якая чамусьці прывяла менавіта да гэтага -- хлопец назірае за тым, як да яго набліжаецца бораў з якудзы, няўмольны і змрочны, як сама сьмерць... Другая ўразіўшая рэч: дзёньнік японскага камікадзэ часоў Другой Сусьветнай вайны. І самі запісы цікавыя і тыя абставіны, пры якіх яны ўзьнікаюць. Не ведаю, адкуль Мітчэл іх узяў, мо нават і сам прыдумаў, аднак дакладна ён спрабаваў адказаць на пытаньне: чым ёсьць тэрарызм, і ці не занадта мы спрашчаем рэчы, калі глядзім на самаахвярнае забойства ворага як на толькі невытлумачальны дзікунскі фанатызм... А наконт абставін. Гэты дзёньнік дае пачытаць хлопцу ягоны дзед, якога хлопец нечакана для сябе сустрэў, шукаючы бацьку. Напэўна пад час гэтай сустрэчы была прамоўлена і самая асноўная думка гэтага твору: "Ён заняты тым жа, што і ты -- пошукам сэнсу". Здавалася б -- занадта банальна; аднак чамусьці ўспрымаеш гэта не як маралізатарства нейкае, а як намінку, ці запрашэньне займацца гэтым жа ;-)... Дарэчы, пра ключавую думку. Чамусьці ўсе рэцэнзенты вырашылі, што гэта -- словы Джона Ленана, якія прымроіліся хлопцу ўжо амаль пры канцы ўсёй гісторыі, -- маўляў, дзевяты сон, гэта самае цікавае і гэта ўжо пачатак іншай гісторыі. Ага, і таму Мітчэл зрабіў дзевятую частку свайго рамана літаральна пустой -- толькі назва і чысты аркуш. Я б сказаў, што гэта файны кіпік з моды на дзэн. ІМГО ;-) У рэшце рэшт, хлопец знайшоў значна больш за тое, на што разьлічваў. Ён сустрэў сапраўднае каханьне (дзяўчыну з самай прыгожай шыяй у сьвеце), ён сустрэў дзеда, ён вярнуў сабе маці... Ён урэшце пабачыў бацьку, аднак... У выніку, я вельмі задаволены, што не пашкадаваў 2910 беларускіх рублёў і набыў гэтую кнігу.
P.S.
Так, а цяпер нешта накштал рэкламы ;-). Спадарства, вы не памыліліся і гэта не ачепятка -- я напісаў 2910 і ні нулём болей!!! Гэты файны атракцыён нечуванай дагэтуль шчодрасьці зладзіла Цэнтральная менская кнігарня. Паглядзіце ўважліва тут -- http://www.oz.by/books/topic.html?series_id=140524&books_table_limit=30 Асабліва на кошт кнігаў. А цяпер па вялікаму сакрэту й шэптам -- амаль усе гэтыя кнігі ўсё яшчэ ляжаць у Цэнтральнай кнігарне кожная коштам 2910... Так што каго што зацікавіла -- можаце зайсьці й зрабіць добры гешэфт ;-)