Натуральна, нешта  зьмянілася і будзе зьмяняцца ў якасьці рэакцыі на гэтую ненатуральную  трагедыю... Нават на ўзроўні разуменьня ветлівасьці ў паводзінах...
Учора  езьдзіў у Баранавічы. Электрычка. Чамусьці не захацелася сядаць у другі  вагон... Уладкаваўся ў трэцім. Выйшаў у прыбіральню, якая зыходзячы зь  нейкіх ідыёцкіх разлікаў чыгуначнікаў знаходзіцца выключна ў першым ці  апошнім вагонах. І толькі вяртаючыся, зразумеў, якую я зрабіў памылку.  Напружаныя позіркі прысутных у вагоне ў бок майго пульхнага заплечніка. Я  спакойна пакінуў, як звычайна, як заўсёды гэта рабіў раней, свае рэчы,  бо красьці там няма чаго дый ніколі такога не было -- выхаваная  стабільным беларускім жыцьцём бесклапотнасьць. І тут я разумею, што  прымусіў хвалявацца дзесяцерох чалавек у вагоне -- "пакінутыя рэчы без  дагляду" перасталі быць абстракцыяй назаляючых слых афіцыйных аб'яваў з  рэпрадуктараў.
Сьвет зрабіўся яшчэ больш шчыльным. Праз некалькі  гадзін пасьля ТАГО да мяне пачалі прыходзіць эсэмэскі і мэйлы з  Нямеччыны, Польшы, Швецыі -- "are you o.k.?" Сябры і знаёмы хвалююцца...  Пяць кіляў траціла, а хвалі на тысячы кіламетраў...
Мяне не  было на Кастрычніцкай у той момант, але я сябе таксама адчуў пад  прыцэлам, бо той пераход -- гэта такая кропка, праз якую, калі ты жывеш і  працуеш у Менску, так ці інакш праходзіш хаця б раз на дзень... Колькі  было сярод знаёмых воклічаў з палёгкай -- "я затрымалася на працы  літаральна на дваццаць хвілін!.. Я чамусьці вырашыў пайсьці з работы  пешшу!.. Я праехаў тудою на трыццаць хвілін раней!.." Я дарэчы таксама  бадзяўся ў той панядзелак у цэнтры горада і некалькі разоў там быў,  толькі на некалькі гадзінаў раней...
Ніякіх прадчуваньняў не  было, звычайны дзень, рыхтык як у Мілаша W dzień końca świata... Хіба  толькі гэта -- у 17:15 я стаяў у кніжным шапіку ў пераходзе да  гандлёвага цэнтру "Сталіца" і гартаў "Падземку" Харукі Муракамі. Даўно  хацеў яе набыць, але і ў той панядзелак пашкадаваў грошай, паставіў яе  на паліцу і паехаў дахаты. Увайшоўшы ў кватэру, быў агаломшаны енкам  цешчы -- ну слава Богу, ты не ў горадзе! Там -- выбух!..