серада, 16 верасня 2009 г.

Тапаграфія і тапаніміка...

У назве нашага горада прысутнічае нейкая ледзь заўважная намінка на матэматычны тэрмін -- Мінск, зьменьлівы Менск, горад, з уласнай ПЕРАМЕННАЙ, накшталт славутай "пі", пераменнай, якая ператварае, пераварочвае звычайныя рэчы ў нешта нелагічнае, але лепш сказаць па-залагічнае ці інакшлагічнае…

Самыя відавочныя факты, якія падцьвярджаюць гэтую здагадку:

-- вуліца Маскоўская ў Менску знаходзіцца не адпаведна геаграфічнаму накірунку, а зусім наадварот -- Масква на паўночны ўсход ад нас, а вуліца на паўднёвым захадзе ад цэнтру нашага горада.

-- "пачатак" гораду лічыцца ад даты зьнішчэньня, то бок канца… так склалася, і на гэты парадокс не зьвяртаюць "афіцыйнай" увагі.

Але ёсьць і іншыя факты з жыцьця сталіцы, якія можна растлумачыць толькі праз наяўнасьць такой загадкавай пераменнай, якая стварае сваю логіку прасторы. Прасторы, у якой нібыта ўсё перакульваецца, але з іншага боку, такая пазалагічнасьць дазваляе мірна суіснаваць зьявам, якія пэўна на іншых месцах прыводзілі б да выбуху…

Працягнем падарожжа, пачынаючы прыкладна з тае ж Маскоўскай.

Галоўная плошча дзяржавы, кіраўнік якой абвяшчае сябе "ПРАВАСЛАЎНЫМ атэістам", упрыгожваецца толькі КАТАЛІЦКІМ храмам…

На той жа плошчы -- Я да гэтуль не магу ўцяміць, чаму рэстаран "СЁМАЕ неба" знаходзіцца на ШОСТЫМ паверсе бакавога корпуса гатэля "Мінск"?!. ;-)

Далей, напэўна толькі ў Менску магчыма такое арыгінальнае рашэньне дылемы "турэцкі цюрбан альбо папская тыара" -- амбасады Турцыі і Ватыкана ў нас знаходзяцца ў адным будынку…

Таксама добравядомы факт -- ГАБРЭЙСКАЯ сінагога ператварылася ў РУССКІЙ тэатр…

Калі ўспомніць, што да рэвалюцыі ў горадзе было два раёны з назвамі ТАТАРСКІЯ агароды і ЛЯХАЎКА, дык таксама можна зьдзівіцца, што іх знаходжаньне крыху не пасавала адпаведным геапалітычным рэаліям -- Татарскія агароды былі на ПОЎНАЧЫ горада, а Ляхаўка -- на паўднёвым усходзе…

Яшчэ некалькі зацемкаў па тэме амбасадаў. Французкая амбасада ў нас месьціцца там, дзе некалі ў 1812 годзе трапілі ў пастку французкія вершнікі і былі растраляныя ў тэльму карцеччу… (мо таму французкая амбасада такая "цяжкапраходная" для нашых суграмадзянаў?..^--^). Амбасады Расеі, ЗША ды Украіны знаходзяцца на адных ростанях, глядзяць адно аднаму ў вокны… Консульства Швецыі знаходзіцца рыхтык насупраць таго пагорку, дзе калісьці стаяла камяніца, у якой быў зімаваў Пётра Першы пад час Паўночнай вайны…

Карацей, нешта загадкавае тут ёсьць… ;-)

No comments:

Post a Comment