аўторак, 29 верасня 2009 г.

Відавочнае і ледзьпрыкметнае

Дзіўна, на візіты мінулага патрыярха, хоць іх і было шэсьць, я не зьвяртаў такой пільнай увагі... Дый чаго было асаблівага -- прыехаў, памаліўся, асьвяціў закладку падмурка пад храм ці нешта накшталт. Не было такіх ліхіх наездаў у палітычнае поле, як зараз... Мо таму архімандрыт Аляксій Шынкевіч так шчыра быў запэўніваў журналістаў, што гэты візіт будзе выключна пастырскім, ране жа ж так і было...
Аднак, як не круці, атрымалася інтрыга ва ўзаемаадносінах патрыярха і прэзідэнта, а гэта ўжо палітыка...
Патрыярх гаварыў непрыемныя для прэзідэнта рэчы. Сказаў, што нічога не ведае пра высілкі нашае ўлады ў экуменічным напрамку. Згадаў пра Курапаты як сымбаль пакутаў беларускага народу. Сказаў, што палітыкі, асабліва тыраны накшталт Івана Жахлівага не могуць быць героямі краіны.
Канечне, улады расстараліся ў падрыхтоўцы сустрэчы ганаровага госьця, нават паклапаціліся, каб забясьпечыць прысутнасьць, і "нічтоже сумняшеся" зьнесьлі помнік ахвярам фашыстаў, абы дагадзіць высокаму госьцю з самой Масквыыыы... Ды гэтыя стараньні зусім не схавалі таго, што прэзідэнт відавочна на нешта пакрыўдзіўся... У Віцебску патрыярху давялося выступаць перад значна меншай ніж было запланавана аўдыторыяй. У Палац Рэспублікі прэзідэнту чамусьці справы перашкодзілі прыйсьці, хаця праз дзень ён спакойна прабавіў час, назіраючы за прыгажунямі. І на рэшце -- прэзідэнт запрасіў да нас пана Пан Гі Муна, ды не абы чаго, а каб "правесьці адмысловыя тэматычныя дэбаты Генэральнай Асамблеі ААН ў справе разьвіцьця міжрэлігійнага дыялёгу, у якіх павінны ўзяць удзел усясьветныя лідэры і прадстаўнікі розных канфэсіяў". Маўляў, калі Вы не ведалі пра мае высілкі, то мо пачуеце пра іх на ўзроўні ААН?!!!
Такі вось стромы дыпламатычны дыялог атрымаўся аднак

Цяпер пра тыя моманты, якія уразілі асабіста мяне.
1. "Вітаньне Сінода БПЦ" -- рыторыка пра "славянская трыадзінства" спачатку захаваная, але асноўны тэкст -- спасылка на спадчыну ВКЛ, здаецца гэта просты пералік папярэдніх візітаў патрыярхаў, але вельмі падобнае на такую кволую яшчэ, але магчымую толькі пры дастатковай ступені самастойнасьці, намінку -- ты не проста "не першы" з патрыярхаў РПЦ, хто сюды прыяжджаў, наогул, традыцыя візітаў яшчэ ад Усходніх Патрыярхаў у нас вядзецца... Дарэчы, нават не згадалі, што візіт патрыярха Іерыміі меў сувязь з усталяваньнем патрыяршаства ў Маскве, хаця маглі б...
2. Падарунак прэзідэнта -- ізноў падкрэсьленая повязь са спадчынай ВКЛ. Кіраўнік дзыржавы дарыць копію таго, што раней зрабіў прадстаўнік аднаго з буйных шляхецкіх родаў ВКЛ. Калі б Слуцкае Евангельле дарыў Мітрапаліт Філарэт -- гучаў бы пэўна зусім іншы кантэкст... А тут атрымалася -- Вы канечне нам пра "неад'емную частку" і "благаславеньне саюзнайдзяржавы", але мы Вам тут крыху нагадаем...
3. Я ужо неяк казаў, што сама ідэя сустрэчы папежа і праваслаўнага патрыярха на нашай зямлі -- ідэя, якая ўпершыню была агучаная вялікім князем літоўскім Ягайлам і праз мітрапаліта Кіпрыяна перададзеная ў Канстанцінопаль у 1397 яшчэ годзе. То бок і на полі "экуменічнага дыялогу" наш прэзідэнт абапіраецца на традыцыю ВКЛ... Праўда, тая ўпартасьць, зь якой ён піхае гэтае пытаньне (калі меркаваць па тым, што словы патрыярха Лукашэнку не зьбянтэжылі і ён зьвярнуўся да іншых аўтарытэтаў)), выклікае непакой -- нагадвае упартасьць Жыгімонта Вазы... ізноў жа, хоць і сумная, але спадчына ВКЛ...

серада, 16 верасня 2009 г.

Тапаграфія і тапаніміка...

У назве нашага горада прысутнічае нейкая ледзь заўважная намінка на матэматычны тэрмін -- Мінск, зьменьлівы Менск, горад, з уласнай ПЕРАМЕННАЙ, накшталт славутай "пі", пераменнай, якая ператварае, пераварочвае звычайныя рэчы ў нешта нелагічнае, але лепш сказаць па-залагічнае ці інакшлагічнае…

Самыя відавочныя факты, якія падцьвярджаюць гэтую здагадку:

-- вуліца Маскоўская ў Менску знаходзіцца не адпаведна геаграфічнаму накірунку, а зусім наадварот -- Масква на паўночны ўсход ад нас, а вуліца на паўднёвым захадзе ад цэнтру нашага горада.

-- "пачатак" гораду лічыцца ад даты зьнішчэньня, то бок канца… так склалася, і на гэты парадокс не зьвяртаюць "афіцыйнай" увагі.

Але ёсьць і іншыя факты з жыцьця сталіцы, якія можна растлумачыць толькі праз наяўнасьць такой загадкавай пераменнай, якая стварае сваю логіку прасторы. Прасторы, у якой нібыта ўсё перакульваецца, але з іншага боку, такая пазалагічнасьць дазваляе мірна суіснаваць зьявам, якія пэўна на іншых месцах прыводзілі б да выбуху…

Працягнем падарожжа, пачынаючы прыкладна з тае ж Маскоўскай.

Галоўная плошча дзяржавы, кіраўнік якой абвяшчае сябе "ПРАВАСЛАЎНЫМ атэістам", упрыгожваецца толькі КАТАЛІЦКІМ храмам…

На той жа плошчы -- Я да гэтуль не магу ўцяміць, чаму рэстаран "СЁМАЕ неба" знаходзіцца на ШОСТЫМ паверсе бакавога корпуса гатэля "Мінск"?!. ;-)

Далей, напэўна толькі ў Менску магчыма такое арыгінальнае рашэньне дылемы "турэцкі цюрбан альбо папская тыара" -- амбасады Турцыі і Ватыкана ў нас знаходзяцца ў адным будынку…

Таксама добравядомы факт -- ГАБРЭЙСКАЯ сінагога ператварылася ў РУССКІЙ тэатр…

Калі ўспомніць, што да рэвалюцыі ў горадзе было два раёны з назвамі ТАТАРСКІЯ агароды і ЛЯХАЎКА, дык таксама можна зьдзівіцца, што іх знаходжаньне крыху не пасавала адпаведным геапалітычным рэаліям -- Татарскія агароды былі на ПОЎНАЧЫ горада, а Ляхаўка -- на паўднёвым усходзе…

Яшчэ некалькі зацемкаў па тэме амбасадаў. Французкая амбасада ў нас месьціцца там, дзе некалі ў 1812 годзе трапілі ў пастку французкія вершнікі і былі растраляныя ў тэльму карцеччу… (мо таму французкая амбасада такая "цяжкапраходная" для нашых суграмадзянаў?..^--^). Амбасады Расеі, ЗША ды Украіны знаходзяцца на адных ростанях, глядзяць адно аднаму ў вокны… Консульства Швецыі знаходзіцца рыхтык насупраць таго пагорку, дзе калісьці стаяла камяніца, у якой быў зімаваў Пётра Першы пад час Паўночнай вайны…

Карацей, нешта загадкавае тут ёсьць… ;-)

аўторак, 1 верасня 2009 г.

Помнікі і памяць...

Апошні допіс сяброўкі alisasprings нагадаў мне пра тое,
што на тым месцы яшчэ адна больш страшэнная "несумяшчальнасьць" ёсьць,
якая, праўда, не гэдак на відавоку ляжыць, як суседства Леніна і царквы.
(Дарэчы, гэта не самае супярэчлівае суседства, вунь, у Брэсьце і Слоніме старычок Крупскі

нават рукой рыхтык на царкву ці касьцёл паказвае, маўляў, туды ідзіце, таварышы... ^--^)

Дык вось, справа ў тым, што помнік Леніну ў Баранавічах стаіць на месцы
могілак.
Ну, здэцца, не самае вялікая супярэчлівасьць, помнік і мусіць быць на могілках.
Аднак можа сам Ленін і не надта блюзьнерыць, а вось тыя, хто на касьцях паставілі
на супраць помніка важдю пралетарыяў будынак гарвыканкама, дый яшчэ і плошчу
заасфальтавалі, каб месьцічы па продках штодзённа езьдзілі і шпацыравалі --
тыя людзі дакладна блюзьнерылі і напэўна нават сьвядома...

Гледзячы на план горада Баранавічы 1930-х гадоў, заўважаеш адзначаны квадрацік

з крыжыкамі на ростанях вуліц Шэптыцкага і Міцкевіча -- цяпер гэта рыхтык плошча Леніна:


Яшчэ ў трыццатыя гады прыкладна на тым самым месцы, дзе зараз вождь, польскія
ўлады паставілі "Помнік невядомаму салдату". Ён выглядаў вось так:


Мая бабулька была распавядала адзін анекдот "з жыцьця", зьвязаны з гэтым помнікам
(хаця, я падазраю, байка была "агульнакрэсовай" так бы мовіць...).
Аднойчы вярталася адна сялянская сям'я з кірмаша ў Баранавічах і праяжджала на возе
міма нядаўна пастаўленага гэтага помніка невядомаму жалнежу. Дзед, дзівячыся на каменную
птушку, даволі голасна выказаў сваё зьдзіўленьне: Баба, глядзі, якую вялікую курыцу
тут паставілі!!! Жаўнер, што стаяў каля помніка на ганаровай варце, пачуў гэта, спыніў воз
і загадаў дзеду плаціць штап тры злотых. Засмучаная з гэтае прычыны баба ў роспачы
стала крычаць: Ой, стары, я ж табе казала, ніколі не зьвязвайся ты з гэтымі польскімі цацкамі!!!
Жаўнер ёй на гэта прызначыў дзесяць злотых штрапу. Сказаў: Żeby Pani wiedziała, że orzół
nie jest cacką!

Для параўнаньня, тое месца ў 1930-я і ў 1970-е:




серада, 26 жніўня 2009 г.

Дыялог і "круглы стол"

Неяк яшчэ ў траўні я быў пазнаёміўся з minski_gaon, які папрасіў выкласьці пісьмова думкі наконт перспектыў міжканфесійнага дыялогу ў Беларусі. Нагода была -- візіт бацькі да папы. ;-) Я тое-сёе нашкрабаў. Вось, нарэшце гэта аформілі як мае быць і апублікавалі на "Новай Эўропе". У выніку, дзякуючы minski_gaon, я са сваімі сьціплымі "пробамі пера" апынуўся ў атачэньні выкшталцоных гуманітарыяў... ;-)

"Традыцыйная талерантнасьць" беларускага грамадства - спрытны міт, які дазваляе ўладам "не варушыць старога" і тым самым хоць неяк "кантраляваць сітуацыю". Да таго ж гэты міт вельмі адпавядае сусветнай модзе на культурніцкую разнастайнасьць і цярпімасьць і паляпшае наш імідж. Аднак, як любая ілжа, гэты міт небясьпечны для грамадства менавіта тым, што скажае ўяўленьне пра ўласнае мінулае і не заахвочвае да "работы над ошибками"… Навошта высьвятляць, чаму гэта праваслаўныя так хваравіта рэагуюць на Кастуся Каліноўскага, ці наадварот, чаму каталікі так нэрвова ўспрымаюць "увековечивание памяти" Суворава ці графа Мураўёва і г.д.?.. Навошта, мы ж ціха-мірна жылі і жывем між сабой і гэта файна, сьпіце спакойна найталерантнейшыя суграмадзяне!..

серада, 19 жніўня 2009 г.

аўторак, 18 жніўня 2009 г.

"Цюнінг" аднак ;-)





Вось што мой сябра зрабіў са сваім Макінтошам. Кажа, гэта каб зрабіць гэтую рэч больш індывідуальнай, "менавіта ягонай", ну і каб лягчэй было знайсьці, калі раптам што... Белая паверхня, просты перманентны маркер,.. ну і яблык, зразумела, абумовіў сюжэт.
Я цяпер прэю ад зайздрасьці і мару пра белы ноўт, на скрайні выпадак Самсунг. ;-)

Японскае хрысьціянскае мастацтва

Сябра-нарвег прывёз мне з Берліну файны падарунак -- кнігу Арно Леманна "Афра-азіяцкае хрысьціянскае мастацтва". Проста фантастычныя прыклады "нетакой" іканаграфіі. Шкада толькі, што кніга сярэдзіны шасьцідзесятых, таму ілюстрацыі не вартай для сканаваньня якасьці. Вось толькі тое-сёе з японскай графікі даў рады прыстойна адсканаваць і з задавальненьнем выкладваю на агульны агляд.

Дзеці і Немаўля Хрыстос:

Марыя і Маленькі Іісус:

Нараджэньне Хрыста:

Марыя і Маленькі Іісус:

пятніца, 17 ліпеня 2009 г.

Паабапал Берлину -- неба!..



Рудзіш Я. Неба пад Берлінам. / Пер. з чэск. М.Мартысевіч. -- Мн.: Логвінаў, 2008. -- 180с. -- (Чэская калекцыя).
Арыгіналдьная назва: Jaroslav Rudiš. Nebe pod Berlínem. [2002]

Ну вось, цяпер Берлін стаў для мяне блізкім, стаў горадам, у які я ужо жадаю прыехаць, таму што цяпер мне здаецца, што я нешта пра яго ведаю. Нешта не з падручнікаў гісторыі ці нямецкай мовы, а нешта асабовае, міжасабовае, а таму асабістае…

Чамусьці так здараецца з гарадамі -- пакуль ты не пазнаёмісься з якімі-кольвек літаратурнымі "жыхарамі" места, яно застаецца для цябе нейкай абстракцыяй, даведнікам па гісторыі архетэктуры, чыгуначнай станцыяй, радкамі прызначэньня на капэрце, нават калі ў капэрце ляжыць ліст сябру, які там жыве. Таму што твой нелітаратурны, жывы, сапраўдны сябра -- гэта твае дачыненьні, твае адносіны, тваё сумоўе, і ты не зьвязваеш яго і места, чамусьці так… Напэўна таму, што места ў эўрапейскіх мовах (пачынаючы з лаціны) часьцей жаночага роду, і стасункі твайго сябра з местам, дзе ён жыве -- гэта нешта ягонае, асабістае, нават інтымнае, зрэшты, як і твае стасункі з Менскам, і нават калі вы з сябрам вельмі шчырыя, табе не зразумець да канца гэтай повязі, а яму -- тваёй, таму ты з самага пачатку і не зьвязваеш у сваім уяўленьні сябра і места, дзе ён жыве. І гэта заўжды розныя рэчы, розныя "жанры жыцьця" так бы мовіць -- калі ты едзеш ДА СЯБРА і калі ты едзеш У ТОЙ ГОРАД… Так было з Варшавай -- станцыя прызначэньня, каб сустрэцца з сябрам, пакуль я не прачытаў "Дзевяць" Стасюка… Осла здаецца родным мястэчкам (хоць я ні разу там яшчэ не быў), бо начытаўся плойму нарвежскіх пісьменьнікаў. Пасьля рамана Рудзіша я жадаю наведаць Берлін!.. ;-)

Літаратурныя героі для места -- гэта як нябожчык Бертрам для галоўнага герою "Неба пад Берлінам" -- гэта здань, дух, якога можа пабачыць толькі той, каму гэта патрэбна. Мне патрэбна, я чамусьці не магу па іншаму асвойтаць прастору. Мне патрэбна, каб каля муроў, на ростаньнях, у кавярнях былі гэтыя ледзь улоўныя адбіткі чыйго-небудзь натхненьня і пісаніны, адбіткі, без якіх гарадскі пейзаж не мае смаку…

Што тычыцца самаго твору. Нельга сказаць, што я "ў захапленьні", мае адчуваньні хутчэй трэба назваць "спакойнай задаволенасьцю", хаця гэта і будзе крыху супярэчыць "нонканфармісцкаму сюжэту" (азначэньне з анатацыі), бо "задаволенасьць" -- гэта хутчэй для буржуа, а не для роккераў, што ў грукаце колаў метро чуюць найвышэйшую музыку… Я задаволены, што прачытаў, і што мне было цікава, і нічога не напружвала пад час чытаньня (нават перакладчыцкія эксперыменты з моваю ^--^…) і пасьля засталося прыемнае адчуваньне, як пасьля знаёмства з добрым чалавекам. Простая гісторыя музЫкі, які зьбег у гэты горад, каб ці то нешта знайсьці, ці то нечага пазбыцца. Яго дачыненьні з рознымі людзьмі, іхныя гісторыі, якія герой усмоктвае як губка воду, жыцьцё, якое верціцца і віруе вакол рэек падземкі. І узаемасувязі і гісторыі розных персанажаў нечым нагадваюць схему гэтага у-бану, нечым яны адзін аднаму пасуюць -- геаграфія станцый і сетка падзеяў, герояў, гісторый… Шкада толькі, што Катрын плануе зьехаць у Рэйк'явік, зрэшты, калі раман пачынаўся з пабегу, дык вельмі лагічна завяршыць яго намінкай на другі пабег. Мастацкая сіметрыя геаметрычных ліній у-бану, населенага духамі самагубцаў… Калісьці яны таксама зьбеглі ад чагосьці, зьбеглі "на той бок рэек", і цяпер толькі музыка "незавершаных" уцекачоў можа прынесьці ім спакой, адкрыць шлях на Неба, Неба пад Берлінам...

пятніца, 10 ліпеня 2009 г.

Заплюшчыўшы вочы…



Швайкерт Р. Закрыв глаза: Роман / Пер. С нем. И.Алексеевой. -- СПб.: Азбука-классика, 2004. -- 192с.
Арыгінальная назва -- Ruth Schweickert. Augen zu. [1998]

Прачытаўшы гэтую рэч, яшчэ раз пераканаўся, што кніга стоадсоткава кранае/западае ў душу/падабаецца тады, калі ў ёй прысутнічае нешта падобнае да твайго ўласнага досьведу. Нават калі кніга напісана дрэнна, мудрагеліста і заблытана… Зусім нельга сказаць, што Рут Швайкерт піша дрэнна, нааварот -- вельмі прыгожа і хораша. Трапныя эпітэты, пільныя назіраньні, іранічная кеплівасьць з герояў і абставін, сакавітыя азначэньні рэчаў -- усё гэта робіць чытво менавіта смачным, атрымліваеш асалоду ад саміх удалых спалучэньяў словаў, аповед віецца, як добра завітая нітка з бавоўны швайцарскіх авечак (калі яны там па Альпах яшчэ бегаюць?..). І вось з гэтага і пачынаюцца напэўна цяжкасьці -- аповед мудрагелісты і заблытаны, нагадвае бабулькіна вязаньне баваўнянай рэчы. Гэта вельмі жаночы раман у сэнсе выкладу сюжэта. Гэта -- не стройны план пабудовы сядзібы (тое, што часьцей за ўсё нагадвае лагічная мужчынская проза), гэта -- зьвязаныя лапікі нейкай стракатай коптачкі, якую бабулька яшчэ не пасьпела зьнітаваць і таму трэба прыкласьці намаганьні, каб паглядзеўшы на гэтыя раскладзеныя перад табой лапікі здагадацца, што да чаго… Нечым гэты "вязаны пазлс" сюжэту вельмі пасуе краіне, дзе быў напісаны і дзе адбываюцца яго падзеі, Швайцарыя -- такі ж гармідар лапікаў-кантонаў, сувязь паміж якімі можна зразумець толькі тады, калі пачнеш глыбока пранікаць у гісторыю ды простае будзённае жыцьцё швайцарцаў. "Заплюшчыўшы вочы" -- менавіта такая рэч-загадка, для ўдумлівага ўважлівага пранікненьня і "пад настрой" (я спрабаваў яе чытаць некалькі месяцаў таму, але тады не пайшло, а вось зара' прачытаў/праглынуў за два дні).
Раман пра жанчыну, якой у пэўны дзень споўнілася трыццаць гадоў. Аповед літаральна верціцца вакол гэтага дня, таму што аўтар не толькі пастаянна робіць класічныя і працяглыя "флэш-бэкі", але яшчэ па-майстэрску робіць панарамы ў будычыню, хаця усё роўна асноўная, галоўная і цэнтральная кропка кнігі -- дзень нараджэньня жанчыны, якая сама сабе абрала імя Алекс Марцін Шварц, дзень нараджэньня, які проста дабівае сваёй будзеннасьцю і "неадметнасьцю"… Такі хіазм -- не апошняя "габрэйская фішка" ў рамане -- сам бясконцы, перарывісты, непасьлядоўны аповед пра ўсіх членаў сямьі (а сямья -- гэта ўсе мужчыны, з якімі пасьпела пражыць Алекс, яе бацькі і бацькі яе каханкаў, а таксама каханкі бацькоў і бацькі каханкаў бацькоў ^--^...) вельмі тыповы, вельмі шчымліва местачковы… І канечне ж там згадваецца Халакоўст і вядзецца пра тое, як балюча гэта адбілася на лёсе наступных пакаленьняў эўрапейскіх габрэяў, хоць галоўная гераіня і не габрэйка…
Гісторыя сямьі, гісторыя стратаў і заблытаных узаемасувязяў жыцьцяў і падзеяў, гісторыя асабістай страты, асабістага гора…

аўторак, 7 ліпеня 2009 г.

Пасьля вандроўкі ў Брэст


Брэст сустрэў нейкім непрыемным пахам, які нагадваў пра дзяцінства -- так пахла каля ачыстных нейкага завода ў Быхаве, дзе мы часьцяком гойсалі з Генам, маім стрыечным братам, калі я прыяжджаў да яго на канікулы.

І яшчэ ў гэтае наведваньне Брэста я заўважыў адну супярэчлівасьць. У горадзе усе аб'екты нібыта заканспераваныя. На плоце вакол будоўлі ніколі няма ніякай шыльды, што гэта будуюць, ці рамантуюць, у храмах цяжка знайсьці паперку з раскладам набажэнстваў, у маршрутцы не весіць кошт праезду. Але затое самі жыхары нашмат болей гаваркія і зычлівыя ніж у Менску. С табой могуць загаварыць толькі таму, што трапіўся ў поле зроку і усьміхнуўся. І між сабой таксама яны гавораць часьцей і больш развольненна, чым у Менску. Гэта прыемна, пачынаеш адчуваць сябе даволі ўтульна, нібыта сярод знаёмых. Брэст вельмі "свойскі" горад. Хаця мая стрыечная сястра, якая пражыла там ужо больш за дваццаць гадоў, кажа, што гэта места куркулёў...

субота, 20 чэрвеня 2009 г.

Лабэйкаўскія могілкі



Могілкі… Вельмі моцнае уражаньне ад надпісаў на надмагільлях -- родныя прозьвішчы і шчымліва знаёмыя рысы на тварах. Імёны і абліччы, якія атачалі тваё дзяцінства… І лічбы, лічбы, лічбы, якія вельмі выразна падкрэсьліваюць, не, хутчэй -- крычаць, немым крыкам крычаць пра хуткаплыннасьць, куртатасьць чалавечага жыцьця і пра хуткаплыннасьць усяго ўвогуле…

Чамусьці менавіта на могілках раз-пораз узьнікае крыўда на бацькоў і сваякоў за іх маўчаньне, за тое, што у дзяцінстве яны мне нічога не расказвалі "пра сваіх" -- нібыта я павінен быў сам усё ведаць пра іхнае жыцьцё проста па факту свайго нараджэньня сярод іх… Так яяны лічылі і нічога не тлумачылі?.. А можа яны знарок мяне не ўводзілі у гэтае жыцьцё, не ўводзілі "в курс дела", бо так прасьцей, так лягчэй было выжыць ТАДЫ… лягчэй выжыць без валізкі родавай памяці, без паходжаньня -- бо пахаджанам тады аддавалі перавагу і ім прасьцей было выжыць… Маўляў, табе лепш не ведаць, будзеш менш пакутваць. А мажліва і горш -- маўчалі, бо баяліся, што малое можа прабалбатацца незнарок, можа "здаць" няўцямна, ці пад уплывам навязьлівага ўзьвялічваньня "подзьвігу" Паўліка Марозава, -- і тады будзе яшчэ горш… Звычка жыць у падпольлі, вечныя партызаны, мля… А цяпер свае карані, свій міт паходжаньня, сваю легенду роднага куту я мушу зьбіраць па аскепках… Не схацелі мяне прывязваць да гэтага месца, да гэтай супольнасьці, да гэтага атачэньня… Маўляў, ляці, бяжы адсюль, можа табе больш пашанцуе, можа ты такім неабцяжараным будзеш больш счаслівым у гэтым вар'яцкім сьвеце… І што? Аказалася, быць пустым -- цяжэй...

серада, 17 чэрвеня 2009 г.

Ці зловім мы Рыбака ў сеці нашай тоеснасьці?

Нядаўняя дыскусія (амаль спрэчка) ў Сеціве наконт таго, наш ці ня наш Аляксандр Рыбак, падштурхнула мяне вось да якіх развагаў, якія я, з-за сваёй звычайнай ляноты, занатаваў толькі зараз.

Такім чынам, пытаньне пра "насскасьць" Рыбака актуалізуе іншае, больш важкае пытаньне, якое ў Беларусі дасюль дрэнна прадуманае/прамоўленае/выслаўленае -- пытаньне прынцыпа тоеснасьці. На якой падставе мы будзем лічыць чалавека "сваім"?.. Выпадак Рыбака (і не толькі яго) высьвятляе два падыходы да вырашэньня/адказу на гэтае пытаньне. Можна нават сказаць, два чыны тоеснасьці/ідэнтычнасьці. Умоўна іх можна было б назваць чын "супляменьнік" і чын "зямляк".

1. "Супляменьнік", альбо сваяк. Мітычны панятак, на які так ці інакш ідзе спасылка -- Род. Прынцып адзінства палягае на крыві, крэўнасьці. Праўда, у нашыя дні гэта часьцей і хутчэй за ўсё не біялагічная крэўнасьць, а крэўнасьць "па духу", то бок супадзеньне пэўных перакананьняў і жыцьцёвых, сэнсафармуючых прынцыпаў. Адзінства каштоўнасьцяў. Дарэчы, прызнаньне вартасьці/звышкаштоўнасьці саміх крэўных сувязяў -- гэта таксама ўжо толькі адзін з прыкладаў "крэўнасьці па перакананьнях". Характэрныя асаблівасьці крэўнасьці -- адзінства мовы (хутчэй нават не лінгвістычнае, а адзінства каштоўнасьцяў і паняткаў, якое адбіваецца на мове) і імкненьне да чысьціні шэрагаў (у рознай ступені жорсткасьці -- ад задавальненьня простай дэкларацыяй якога-небудзь credo да ўедлівага корпаньня ў душах/параметрах носу тульных з фізічным адстрэлам інакш думаючых альбо выглядаючых). Першаснае значэньне мае факт нараджэньня ў межах крэўнай групы. Вынікам такой тоеснасьці ёсьць тое, што "свой" можа быць/апынуцца дзе заўгодна. Ва ўмовах глабалізацыі і гранічнай невіліроўкі геаграфічнага чыньніка гэта сапраўды дадатны момант для самой групы, існаваньне якой можа не залежыць ад геаграфіі. Аднак на лакальным узроўні крэўнасьць, пастаўленая ў прынцып дзяржавы, вядзе да абвастрэньня канфліктаў, альбо ў лепшым выпадку проста да таго, што феноменф іншай тоеснасьці/крэўнасьці, якія знаходзяцца побач, элементарна ігнаруюцца.

2. "Зямляк". Мітычны панятак, на які так ці інакш ідзе спасылка -- "геній месца". Прынцып адзінства палягае на факце сумеснага пражываньня(цяпер ці можа калісьці ў мінулым) на адной, яскрава вылучальнай геаграфічнай прасторы. Часьцей за ўсё гэтая прастора супадала і супадае з абшарам улады якога-небудзь уладара (апошнім часам мы маем абстрактна-безасабовых уладароў, то бок дзяржавы). І ў супрацьлегласьць крэўнасьці, зямляцтва выкшталцоўвае іншыя дзьве асаблівасьці -- полілінгвізм (як мінімум чалавек мусіць ведаць дзьве мовы: мову свойго атачэньня і ligua franca) і разнастайнасьць "практык жыцьця" з адначасовым прызнаньнем свышкаштоўнасьці падданства, інакш вернасьці альбо пэўнай персоне альбо пэўнаму прынцыпу/зводу законаў etc.. Вялікае значэньне такім чынам мае факт прысягі/клятвы вернасьці. "Зямляцтва" моцна прывязана да канкрэтнага, няхай і вялікага, топасу, таму глябалізацыя для "землякоў" хутчэй выпрабаваньне. Аднак на лакальным узроўні прынцып "падданства/вернасьці прысязе" вядзе да талерантнасьці і разнастайнасьці ў грамадска-палітычным жыцьці.

Гэта толькі звышкуртатыя тэзісы, аднак на кожны сказ тут безумоўна можна прывесьці плойму прыкладаў. Складанасьць палягае хутчэй у тым, што ў сучасных грамадствах назіраецца стракатае перамешваньне гэтых двух тыпаў тоеснасьці з часовымі перавагамі то аднаго то іншага. Напэўна варта было б прывесьці прыклады скрайніх праяваў, то бок "поўных перамог" той ці іншай тоеснасьці ў пэўных дзяржавах/грамадствах. Першы тып -- Ізраіль і Арменія, другі -- ЗША.

Для беларусаў цяпер існуе праблема, да якога тыпу схіліцца. І тады, калі мы вызначымся якім чынам мы будуем сваю тоеснасьць -- як крэўныя ці як землякі, -- мы зможам цьвёрда адказаць на пытаньне: "Рыбак, Шагал, Бакст, Суцін, Міцкевіч, Шэрман etc. -- нашы ці не?.."

аўторак, 16 чэрвеня 2009 г.

Міллер Э. "Кісларод"



Миллер, Эндрю. Кислород: роман/Пер. с англ. М.Нуянзиной. -- М.: РОСМЭН-ПРЕСС, 2004. -- 414с. -- (Премия Букер: избранное).



Больш важна не проста быць, а быць для кагосьці сваім. Гэтая пранізьлівая максіма, прадуманая аднойчы адным з герояў рамана "Кісларод", зьяўляецца пэўна асноўнай, "гаславай" для ўсяго гэтага твору -- яна нібыта стрыжань зьбірае некалькі розных жыцьцяў-сюжэтаў у адну просценькую, але цэльную пірамідку. Гісторыя сям'і -- два брата каля ложку паміраючай ад рака лёгкіх маці. І гісторыя пісьменьніка, эмігранта (і нарэшце, гея), адзін з твораў якога перакладае малодшы з братоў -- такая вось узаемасувязь гэтых сюжэтаў, так бы мовіць, па ўскоснай…

Было цікава чытаць, таму што мабыць я проста фанат сямейных сагаў і да таго падобных аповядаў... Зачапіла яшчэ і таму, што маю прыкладна падобны досьвед -- неяк год таму назад я мусіў даглядаць паміраючую бабульку ў апошні тыдзень яе жыцьця… Так што вобраз старой кабеты, якая у прамежках паміж выбухамі болю спрабуе асэнсаваць сваё жыцьцё, для мяне быў не абстрактным практыкаваньнем пісьменьніка, а нечым вельмі асабістым…

Цікава тое, што ў рамане даволі асьцярожна, і прыгожа падаецца думка пра тое, што ў сучасным грамадстве пануе ўяўленьне "быць" = "мець посьпех", але на сам рэч гэтае атаясамліваньне посьпеху і "рэальнага" быцьця калі не згубнае, дык замінае нармальнаму жыцьцю простых, і "няпростых" таксама, людзей… Бадай, галоўных герояў тут два -- Лары, старэйшы сын паміраючай ад рака Алісы Валентайн, і пісьменьнік-эмігрант Ласло Лазар, венгр, які пакінуў сваю радзіму пасьля падзей 1958 году. Яны розныя з пункту гледжаньня "быць=мецьпосьпех" -- Лары пачынае быць "лузерам", яго ўжо не запрашаюць здымацца ў серыялах, ён рызыкуе ў хуткім часе страціць усё, нават сям'ю, а Лазар (нават у гэтым сугуччы "лузер-лазар" можна заўважыць тонкую, выключна брытанскую "ціхую" іронію…) даўно і стала мае посьпех, ён вядомы драматург, даволі яркая зорачка на небасхіле парыскага бамонду. Але асноўная праблема, якую абодва героя перад сабою бачаць і спрабуюць кожны на свой капыл вырашыць, гэта пытаньне -- а дзе/для каго я СВОЙ?..

Даволі падрабязнае апісаньне жыцьця "сям'і" гееў у мяне асабіста не выклікала моцнай агіды… Міллер толькі ускосна закранае "асаблівасьці" менавіта інтымных адносінаў, спрабуе намаляваць сумеснае жыцьцё Ласла і ягонага партнера Курта як звычайнае сямейнае жыцьцё, паліткарэктна вытрымлівае аповед у танальнасьці "а тут нічога такога, ну проста любяць яны адзін аднога і ўсё"… (Ці гуляў Міллер на кан'юктуру, выводзячы гэты вобраз галоўным?.. Цікава, факт, што кніга ўвайшла толькі ў шорт-ліст Букера, але не атрымала саму прэмію, ці можа сьведчыць пра тое, што тэма гееў для брытанцаў не мае ўжо такой палітычна неабходнай абвостранасьці?..) Аднак штосьці ненатуральнае, лялечнае, сіліконавае ў гэтых адносінах адчуваецца…

Падазраю, Міллер проста вельмі тонка пакепіў і з геяў і са змагароў за мусульманскую свабоду Косава… Бо ці можна ўспрымаць як не кепік тое, што албанцам у іхняй праведнай, але сакрэтнай барацьбе, спатрэбілася дапамога старэючага гоміка?..

пятніца, 8 мая 2009 г.

Пераклады Бібліі на беларускую мову

Вось быў рыхтаваўся да заліку па спецкурсу, склаў сабе невялічкі каншпекцік. Можа каму будзе цікава.


Гісторыя перакладу Сьвятога Пісаньня на беларускую мову ў ХХ стагоддзі.

Пераклады Сьвятога Пісаньня, зробленыя за апошнія сто гадоў, можна умоўна падзяліць на дзьве групы -- канфесійныя і пазаканфесійныя(індывідуальных перакладаў).

Канфесійныя натуральна падзяляюцца паводле канфессій, прадстаўнікі каторых ажыцьцяўлялі пераклад: пратэстантскія, каталіцкія і праваслаўныя. Такі пералік у пэўнай ступені адпавядае храналогіі/пасьлядоўнасьці ініцыятываў на ніве перакладу Евангельля і ўсёй Бібліі.

Традыцыйна ў гэтай справе былі першымі пратэстанты. Як адзначае Ніна Баршчэўская, "пасьля Першай Сусьветнай вайны на недахоп рэлігійных вы­дань­­няў зьвярнуў увагу баптысцкі сьвятар Л. Н. Дзекуць-Ма­лей, які пра­­цаваў у Берасьці. Разам з сваёю жонкаю ўзяўся ён пе­ракла­даць на бе­ларускую мову Эвангельле. Не давяраючы собскім сілам, зьвяр­нуў­ся па фаховыя парады й папраўкі да ве­да­ма­га беларускага дзеяча й крытыка Антона Луцкевіча, які ахвотна ўзяў­ся дапамагчы ў гэтай ка­рыснай для народу працы. У 1927 го­дзе баптысцкае выдавецтва „Ком­пас” надрукавала паасобныя Эвангельлі (Мацьвея, Марка, Лукі, Ёана) і некалькі брашураў на бе­ларускай мове.

Луцкевіч узяўся перакладаць цэлы Новы Запавет. Свой пе­ра­клад аддаў ён Брытанскаму і замежнаму біблійнаму та­ва­рыству, якое й выдала ў 1931 годзе (у Гэльсінгфорсе ў Фінляндыі) Но­вы За­па­вет з Псальмамі на беларускай мове." (http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/mova/barszczeuskaja/13.htm)

Да пратэстантскай группы таксама належыць пераклад Яна Пятроўскага, зроблены і выдадзены на эміграцыі ўжо пасьля Другой Сусьветнай вайны -- кнігі Старога Запавету ў 1959 годзе і Евангельле паводле Яна ў 1991 годзе.

Пераклады Бібліі для католікаў былі зробленыя ў розныя гады шэрагам ксяндзоў, першым сярод іх быў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Нажаль, ягоны пераклад не пасьпеў распаўсюдзіцца з прычыны ваеннага часу, але пазьней быў выкарыстаны ксяндзом Пятром Татарыновічам, які выдаў пасьля Другой Сусьветнай вайны пераклад Чатырох Евангельляў і Дзеяў Апостальскіх у Рыме. Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі ажыцьцяўляў пераклад у першую чаргу для патрэбаў сваёй парафіі ў Вішневе, аднак лічыцца даволі аўтарытэтным.

Афіцыйная каталіцкая Камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры працавала ў Беларусі з 1992 г., у 2004 рэарганізаваная ў Секцыю па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла. Секцыя прынцыпава паставіла сабе на мэце спачатку падрыхтаваць і выдаць Лекцыянарыі, неабходныя для богаслужэньня, а ўжо потым падыходзіць да перакладу Сьвятога Пісаньня, прычым урыўкі Сьвятога Пісаньня, зьмешчаныя ў Лекцыянарыях, былі ўзятыя ў першую чаргу з пераклада Дзекуця-Малея -- http://catholic.by/p2/index.php?option=com_content&task=view&id=5717&Itemid=49&rrr .

Для патрэб праваслаўных беларусаў на эміграцыі ў 1988 годзе было выдадзена Напрастольнае Евангельле, пераклад якого зрабіў архіепіскап Мікалай, Першы Герарх БАПЦ.

З 1989 году ажыцьцяўляе дзейнасьць па перакладу Сьвятога Пісаньня Беларуская біблійная камісія, арганізаваная пры Беларускім Экзархаце мітрапалітам Філарэтам. На дадзены момант зроблены пераклад чатырох Евангельляў (выдадзеныя паасобна як тэтраглоссы і разам як богаслужбовае Евангельле) і рыхтуецца да друку Дзеі Апостальскія.

Сярод індывідуальных перакладаў першым трэба адзначыць працу доктара Яна Станкевіча, які з дапамогаю Майсея Гітліна пераклаў Біблію цалкам і выдаў у 1973 годзе ў Нью Ёрку.

Пераклады, выкананыя Міхасём Міцкевічам, друкаваліся толькі часткова. Рукапісы, якія зараз ёсьць у карыстаньні Беларускай біблійнай камісіі сьведчаць пра вялікую вартасьць гэтай працы.

Анатоль Клышка пераклаў чатыры Евангельлі, якія былі надрукаваныя на пачатку 90-х ў часопісе "Спадчына".

Васіль Сёмуха пры перакладзе Новага Запавету спачатку супрацоўнічаў з Беларускай біблійнай камісіяй, але потым вырашыў працаваць цалкам самастойна і ажыцьцявіў пераклад усёй Бібліі, выдадзены ў Менску ў 2002 годзе.

Цікавы прыклад індывідуальнага перакладу "для сябе", які робіць у нашы дні Міхась Астапчык -- http://bel-psalom.at.tut.by/index.html

SUMMA TALIS

Пратэстанты:

Лука Дзекуць-Малей (баптыст) → Антон Луцкевіч

Паводле МАЦЬВЕА сьв. Эвангельле. -- Лодзь: Компас, 1927. -- 90с.

Паводле МАРКА сьв. Эвангельле. -- Лодзь: Компас, 1928. -- 51с.

Паводле ІОАНА сьв. Эвангельле. -- Лодзь: Компас, б.д. -- 62с.

НОВЫ ЗАПАВЕТ Госпада нашага Ісуса Хрыста і ПСАЛЬМЫ. -- Гельсінкфорс: Брытанскае і Замежнае Біблейскае Таварыства, 1931. -- 354с.

НОВЫ ЗАПАВЕТ Госпада нашага Ісуса Хрыста і ПСАЛЬМЫ / Другое выданьне без зьмен. -- Лёндан, 1948.

Ян Пятроўскі (метадыст)

Сьвятое Пісьмо. КНІГІ СТАРОГА ЗАПАВЕТУ. Кніжыца І. Кніга Руты, Кніга прарока Еэля, Кніга прарока Ёны. -- Нью-Ёрк, 1959. -- 17с.

Паводле сьв. Яна Эвангеле Госпада нашага Ісуса Хрыста. -- Менск-Лёндан-Нью Ёрк, 1991. -- 48с.

Католікі:

Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі

Чатыры Эвангеліі і Апостальскія Дзеі. -- Вільня, 1939. -- 417с.

Чатыры Эванэліі. -- Гродна: Гродзенская Рымска-Каталіцкая Дыяцэзія, 1998. -- 120с.

Ксёндз доктар Пётр Татарыновіч

Sviataja Evanlija i Apostalskija Dzei. -- Rym: Znič, 1954. -- 633s.

Listy sviatyh apostalaŭ.

Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі

Новы Запавет. -- Менск, 1999. -- 464с.

Камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры, з 1992 г.

Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, з 2004 г.

Праваслаўныя:

Архіяпіскап Мікалай (БАПЦ)

Напрастольнае сьвятое Евангельле -- Новы Запавет Госпада й Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. -- Таронта, 1988. -- 316с.

Беларуская біблійная камісія (БПЦ), з 1989 г.

Евангелие Господа нашего Иисуса Христа (от Матфея) на четырёх языках эллинском, славянском, российском и белорусском с параллельными местами. -- Мн.: Белорусский Экзархат, 1991. -- 236с.

Новы Запавеет Госпада нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Марка. На чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай. -- Мн.: Беларуская Праваслаўная Царква, Біблійнае Таварыства Рэспублікі Беларусь, 1999. -- 159с.

Пазаканфесійная група (індывідуальныя пераклады):

Міхась Міцкевіч

Евангельле паводле Мацьвея й Марка. -- Grand Rapids, Michigan, USA, 1998. -- 121с.

Янка Станкевіч (у супрацоўніцтве з Майсеем Гітліным)

НОВЫ ЗАКОН Спадара а Спаса нашага Ісуса Хрыста. -- Нью-Ёрк, 1959.

НОВЫ ЗАКОН Спадара а Спаса нашага Ісуса Хрыста. -- Нью-Ёрк: Вялікалітоўскае (Беларускае) Навуковае Таварыства Пранцішка Скарыны, 1970. -- 260с.

Сьвятая Бібля: Кнігі сьвятога пісьма Старога й Новага закону. -- Нью Ёрк, 1973. -- 840+260с.

Анатоль Клышка

Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста // Спадчына. 1989 - 1992 гг.

Васіль Сёмуха

Біблія: Стары Запавет: Час маўчаць і час прамаўляць (Экл. 3.7): Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка. -- Найвышэйшая песьня Саламонава // Далягляды, 1990. -- Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. -- С.187-214.

Новы Запавет. Псалтыр. -- Мн.: Бацькаўшчына, 1995. -- 488с.

Крыніцы:

  1. Чарота І. Беларуская мова і царква. -- Мн.: Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, 2000. -- 176с.
  2. Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя - абаронца роднае мовы. -- http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/mova/barszczeuskaja/13.htm
  3. Крэміс Ян, ксёндз доктар. Гісторыя перакладу тэкстаў Святога Пісання на беларускую мову, здзейсненых Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ. -- http://catholic.by/p2/index.php?option=com_content&task=view&id=5717&Itemid=49&rrr

чацвер, 7 мая 2009 г.

сады красуюць




















БЕЛЫЯ КРАСКІ --
ХУТКАПЛЫННАЯ ЦНОТА
КРОХКІХ ЯБЛЫНЯЎ…

серада, 8 красавіка 2009 г.

"Музыка гразі" Цім Уінтон

Кніга з нечакана драматычным і адначасова сьветлым фіналам. Аповед вядзецца спачатку запаволена, амаль марудна і аднастайна -- бы тыя бяскрайнія пустэльныя прасторы ўнутраных аўстралійскіх тэрыторый. Але паціху набіраецца тэмп і насычанасьць, напружана праглынаеш радкі да самай апошняй старонцы, на якой аповед скончваецца даволі рэзка, але менавіта так і трэба было ў гэтай гісторыі… гэта як апошні акорд нейкай драйвавай кампазіціі ці то ў рытм'н'блюз, ці то ў класічным рок'н'рол… І скончваецца не гэдак, я ты меркаваў, што яно мусіць скончыцца, калі толькі пачынаўся сюжэт. Тут атрымаўся зусім іншы дэтэктыў, хаця галоўнае пытаньне -- хто ж каго заб'е -- і трымае тваю увагу увесь аповед, але ўсе застаюцца жывымі, хаця гэта далёка не хэпіенд па-амерыканску… Аўстралійская шаша і аўстраліскія краявіды, Індыйскі акеан ды маўклівы рыбацкі побыт, рэдкія дзівакі-абарыгены.

Шчыра кажучы, я не чакаў, што гэтая кніга кране мяне на столькі, кране такія вострыя і блізкія пытаньні… За гэтымі экзатычнымі дэкарацыямі толькі да часу хаваюцца адвечныя пытаньні… Хаця, канечне, не ўсе. Раман нечакана выходзіць на праблему "традыцыі".

Аўтар праз жыцьцё маленькага соцыюма (і нават вельмі абмежаванага колу сваіх герояў) спрабуе змадэляваць тое, што мы маглі бы назваць менавіта традыцыяй. Мінулае чалавека абумоўлівае ягоныя сёньняшнія паводзіны, горш за тое, мінулае ягоных бацькоў так сама, а можа і ў большай ступені, зьвязвае яго, стаіць лёсавызначальным ценем за сьпіной… ад мінулага можна пазбавіцца проста не згадваючы яго сёньня, магчыма таму жыхары заходнеаўстралійскага мястэчка Ўайт-Поінт такія негаваркія і зь вялікай неахотай расказваюць пра мінулае, сваё і суседзяў, жанчыне, Джорджы Ютланд, якая апынулася ў гэтых мясьцінах, пабраўшыся шлюбам з Джымам Бакрыджам, удаўцом, адным з "цэнтравых і стромых" тутэйшых мужыкоў… Але мінулае не такое дурное, каб проста стаяць навязьлівым прывідам побач, яно пачынае дзейнічаць, праяўляцца, сплятаючы таксама і новыя праблемы так бы мовіць пра запас, каб будучыя пакаленьні трымаць за горла… Джорджы закахалася ў мясцовага "няўдачніка", Лютара Фокса, які стаўся для ўатпоінтцаў накшталту пудзіла -- Фоксы прыносяць няўдачу, пачынаючы з іхняга бацькі, які заўсёды псаваў любую рыбалку, як толькі апынецца на якой-небудзь лодцы, і зь імі лепш наогул не мець справу, не датыкацца і нават не глядзець на паварот да іхняй фермы. Фокс у якасьці помсты за такі байкот займаецца браканьерствам -- ловіць рыбу без лецэнзіі. Ну і як вы думаеце, хто каго заб'е -- аўтарытэт Бакрыдж Фокса, ці летуценны рамантык Фокс тоўстаскурага Бакрыджа?.. Дарэчы, Бакрыдж не такі таўстаскуры, якім здаецца спярша. Ён разумее, што зь ім робіць ягонае мінулае і, мабыць яшчэ ў большай ступені, мінулае ягонага бацькі. Ён хоча пазбавіцца гэтай валізкі, хоча перамяніць "традыцыю", у якую пастаўлены. Але Бакрыдж разумее, што за ўсё трэба плаціць, і напэўна з мінулым так сама можна ўступіць у такія гандлёвыя дачыненьні, аддаць дарагое, нечым ахвяраваць… А Джорджы не хоча прымаць сьвет такім, якім бачыць яго Бакрыдж, хаця і прымае ягоную ахвяру… Зрэшты, яна б і не даведалася пра ўсе праблемы і "скелеты ў шафе" гэтага чалавека, калі б не пакахала іншага…

У нешматслоўных дыялогах выяўляецца наступнае. Традыцыя -- гэта не вельмі прыгожае мінулае чалавека, якое замінае, муляе і абмяжоўвае, гэтае мінулае часьцей за ўсё людзі ненавідзяць. Але вось як ад такой пошасьці пазбавіцца? Можна проста незаўважаць/незгадваць, як гэта робяць жыхары мястэчка, і пры гэтым сьвята верыць у "ўдачу", якая напэўна мусіць нешта выправіць у мінулым ці прынамсі загнаць гэтае мінулае куды падалей, калі удачы будзе шмат… Можна спрабаваць адкупіцца, як гэта робіць Бакрыдж, ці прынцыпова з усім парваць і зьехаць куды падалей самому, зьбегчы ад свайго мінулага і неўзгадваць яго болей на новым месцы, як гэта спрабуе зрабіць Лю Фокс… Джорджы на словах схільная да другога варыянта, у яе таксама ёсьць мінулае, ад якога можна зьбегчы і таму яна разумее становішча Бакрыджа, і раіць яму зьехаць з Ўайт-Поінта, аднак сама яна дзесьці ўнутры пратыстуе супраць усіх пералічаных падыходаў. Яна жахаецца ад таго, наколькі матыматычна-бяздушным зьяўляецца той сьвет, у каардынатах якога спрабуе жыць Бакрыдж і іншыя. Яна недаўмее, а як жа ж прабачэньне, дараваньне, яна не хоча жыць у сьвеце без гэтай магчымасьці… і таму мабыць спрабуе любіць нават Бакрыджа і не зьяжджае з Уайт-Поінта, хаця здавалася б даўно мусіла гэта зрабіць, каб пазбавіць сябе непатрэбных пакутаў… І вось я на да ўсяго яшчэ і закахалася ў Фокса… І прымаючы ахвяру Бакрыджа, яна не зьбіраецца кудыкольвек бегчы, яна просіць Бакрыджа -- зьмяні сваю традыцыю ўнутры традыцыі, проста хаця б штосьці перамяні на лепшае…


У якасьці ілюстрацый да гэтага рамана могуць служыць вось гэтыя файныя фоткі, якія я знайшоў у блогу аднаго хлопца з Перта (як раз тыя мясьціны, што ўзгадваюцца ў творы).



























аўторак, 7 красавіка 2009 г.

Непераможанае язычніцтва...

Вось фотаздымак звычайнага ходніка ў звычайным беларускім мястэчку. Нічога дзіўнага ня бачыце?.. Так, сьцежка ў абыход слупа з падпорай. Добра ўтаптаная сьцежка, не адзін які самотны дзівак не хацеў праходзіць праз тую слупяную браму, добрая плойма народу… (І такіх сьцежачак у абыход перакуленай рагаціны слупа можна сустрэць не адзін тузін у кожным беларускім горадзе. Гэтая проста аказалася самай тлустай, замуляла вочы, вось і сфатаграфаваў :-)...)

Тлумачэньне, чаму нельга хадзіць пад такімі слупамі, я упершыню пачуў у дзіцячым садку, аднойчы па дарозе дахаты хлопчык са старэйшай групы амаль са сьвяшчэнным трымцньнем і страхам прыпыніў маю хаду і, адцягнуўшы мяне за шкірку ад небясьпечнага аб'екта на дарозе, патлумачыў, што пад гэтай "чортавай брамай" хадзіць нельга, бо станеш дурнем. І ўражаны новымі звесткамі пра навакольную рэчаіснасьць, я гэдак жа акуратненька і са страхам абыйшоў тыя "дзьве нагі" слупа… Падобнага кшталту тлумачэньня я чуў потым перыядычна ўсё дзяцінства, але ўсё часьцей ігнараваў яго, фыркаючы, што гэта бабулькіны забабоны. А іншыя хлопцы ды дзяўчаты прытрымліваліся, баяліся, што нячысьцікі розум адбяруць, ці яшчэ якой трасцы. Гэта было на пачатку 80тых… А фота я зрабіў на мінулым тыдні. Народ памятае і "соблюдаець"… Латэнтнае язычніцтва, на ўзроўні неадрэфлексаваных забабонаў, але ж як моцна і працягла!.. Цікава, што там было ў славянаў пра перакуленую рагаціну? Трэба пайсьці перачытаць уважліва Рыбакова…

пятніца, 3 красавіка 2009 г.

Мураўёўка як сымбаль беларускасьці...

Гэта мае асабістыя суб'ектыўныя ўражаньні, інтуітыўнае адчуваньне, мала абгрунтаванае карпеньнем над дакументамі, якое аднак трывала ўзнаўляецца апошнім часам як толькі натыкаюся на якую-кольвек дыскусію конт беларускасьці ці беларускай ідэі.
Дык вось.
Беларускі праект -- гэта такога кшталту траянскі конь, з дамамогай якога улады расейскай імперыі дысантавалі на гэтыя мясьціны "русскасьць", слушна непакоячыся пра тое, што без гэтага праекту "крэсы" і сапраўды стануць цалкам польскімі... Але, як кожны праект у Імперыі ХІХ стагоддзя, улады пастараліся зрабіць найтаньнейшым для сябе, перакладаючы выдаткі на простае насельніцтва, а ў выпадку посьпеху усе лаўры забіраючы сабе. Класічны прыклад такіх паводзінаў -- будаўніцтва Александранеўскага храма ў Варшаве: імперыя схітрылася пабудаваць яго на ахвяраваньні простых прыхаджанаў, але выдала як сымбаль сваёй "дзяржаўнасьці" ў скаронай правінцыі... Альбо яшчэ лепшы вобраз -- славутыя мураўёўкі. "Дзёшава і сярдзіта", як той казаў... Канешне, хоць такія храмы лепш ніж ніякіх, але прабачце, якое гэта ўсё ж такі ўбоства, асабліва ў параўнаньні з каталіцкімі гмахамі... Дык вось, "беларускі праект" падаецца мне такога кшталту "мураўёўкай". Праект, які быў накіраваны на "выратаваньне" гэтых земляў з лапаў "клятых ляхаў", але прынцыпова не прызначаўся для давядзеньня да лагічнага завяршэньня -- да ўласна беларускай дзяржаўнасьці -- бы тая мураўёка з заўжды куртатай званьніцай.





серада, 25 лютага 2009 г.

Спрэс нашыя карані...











У сувязі з беларускім "генным" Drag nach Westen я хацеў бы нагадаць яшчэ пра адну "выбітную асобу на небасхіле нарвескай культуры" :-) -- фотамайстра, аўтара змешчаных тут файных фотак, у венах каторага таксама цяче добры адсотак нашае беларускае крыві. Раней я пра яго пісаў :

Майго сябра-нарвежца завуць Ён. Гэта па-нарвескі так гучыць нашае "Ян", ці амерыканскае "Джон" ;-). Ён ведае, што ягоны прадзед прыехаў у пачатку 20-х гадоў ХХ ст. у ЗША з Беларусі. Адкуль дакладна -- ня ведае. Прадзеда звалі Міхал Цехановіч. Прозьвішча ў лацінцы запісалі як "Cechanowic". Ён першапачаткова вымаўляў яе як "Шэхановіс" (як толькі гэтыя англа-саксы не скажалі нашых імёнаў :-) !..). Пры гэтым Міхалу было прыкладна 14-16 гадоў, калі ён апынуўся ў Амерыцы. Ці паехаў ён адзін, ці з кімсьці больш дарослым -- пакуль не вядома. Яшчэ адна дэталь -- вядома, што Міхал быў баптыстам. Калі ён не памяняў веравызнаньне ўжо ў Штатах, то цалкам верагодна, што паходзіў з якой-небудзь вёскі на Берасьцейшчыне, дзе на пачатку ХХст. баптысты былі актывізаваліся і навярнулі шмат сялянаў.
У Амерыцы нарадзіліся дзед Ёна Аляксандр і бацька -- Майкл. Майкл вывучаў гісторыю мастацтва і фатаграфію ў Лёндане, дзе і пазнаёміўся з дзяўчынай з Нарвегіі. Каханьне, шлюб, Майкл пераяжджае ў Нарвегію, дзе ў 1978 годзе нарадзіўся Ён. Ён таксама займаецца фатаграфіяй і выкладае ва ўніверсітэце Осла. Ён прыяжджаў у Беларусь, як толькі надарылася для яго магчымасьць, каб паспрабаваць адшукаць месца, адкуль паходзяць ягоныя продкі, ці хаця б якія-кольвек звесткі сабраць.

чацвер, 12 лютага 2009 г.

Нацыяналка ў тумане...


Ёсьць усё ж т'кі штосьці і фантастычнае , і містычнае ў гэтым грувасткім будынку...

серада, 11 лютага 2009 г.

Жыцьцё і сьмерць....

Учора ўвечары памёр бацька майго швагра... А сёньня раніцой сястру перавялі ў радзільную залю...
Маці ціха галосіць у слухаўку тэлефона: "Айбожачкі... І сьмеееерць і нароооодзіны ў адзін дзеееень... Штооорабіііцьштооорабіііць..."
У швагра становішча сапраўды незайздроснае -- адначасова давядзецца думаць і пра памерлага бацьку і пра народжанае дзіця...

аўторак, 3 лютага 2009 г.

"Бег" Таўстова

Аляксей Талстоў. Бег: раман. -- Мінск: Галіяфы, 2008. -- 200с. -- (Другі фронт мастацтваў).

Напісаць хіба, што мне гэтая кніга спадабалася?.. Аднак, баюся, такая прамалінейнасьць зусім не будзе пасаваць той мешаніне пакрышаных думак і вобразаў, якой зьяўляецца гэты "раман"… Лепш свае ўражаньне таксама дробна пакрышыць і падаць як прыправу да асноўнай стравы.

Мне прыносіла задавальненьне само чытаньне "Бегу" -- так бы мовіць, "слог", яскравасьць вобразаў, кеплівая трапнасьць параўнаньняў, эксперыменты са словамі і асацыяцыямі. Мне было цікава даведацца, чым уся гэтая каша скончыцца -- такі была інтрыга і нейкі сюжэт, ці нешта накштал, што чапляла і казытала розум, які хваравіта шукаў хоць нейкага звыклага простага сэнсу. А вось наконт больш глыбейшага сэнсу, акрамя спробы рэканструяваць вонкавую рэальнасьць паводле відзежы хворай на ўсю галаву дзяўчыны і непрасыхальна пьянага мужыка нявызначанага узросту і цьмяных заняткаў?.. Зрэшты, падазраю, што калі б я такі адшукаў гэты "глыбокі духоўны сэнс", дык аўтар бы дакладна на мяне пакрыўдзіўся б...


Раман лепш было б назваць не "бег", а крыгаход, ІМГО, канечне. Бег -- занадта простае апісаньне руху, якое тоеснае хутчэй адзінцы, самотна лунаючай у прасторы. А тут цэлы статак часьцінак -- асобаў, думак і апісаньняў, якія кудысьці пхнуцца, ляцяць, плывуць...

…такім чынам, Крыгаход. Крыгі -- вонкавае апісаньне аскепкаў рэчаіснасьці, якія трапілі ў поле зроку аўтара. Часьцей за ўсё аскепкі=асобы, зрэшты менавіта нечым адколатым і невыпраўна няцэльным адчуваюць сябе ўсе героі рамана. Цёмная мутная вада -- плынь уласных асацыяцый і парадаксальных думак ізноў жа аўтара. Крыгі як ім і належыць, боўтаюцца ў вадзе і кудысьці плывуць, торгаючы адна адную і крышачыся паступова на драбнейшыя аскепкі. Вось крыга -- дзяўчына, якая кахала хлопца, я ён не змог вытрымаць уяўнай здрады і… Здэцца, яна яго забіла ў якасьці самаабароны, ці гэта былі ўжо фантазіі ў самоце шэрага пакою дзесьці пасярод Навінак?.. Вось амаль як дзьве кроплі падобныя адна на другую крыгі з імёнамі Пабліта і Пал Палыч, першы толькі пачынае труціць сваё жыцьцё, другі ўжо падсумоўвае вынікі доўгатэрміновага метадычнага атручваньня ці то ўласнага жыцьця, ці то асяроддзя. Вось крыга -- стары жабрак у чырвонай бейсболцы, майклівы здань, які ранкам крычыць у двары і аднаго разу нават файна іграе Шапэна на раялі на гарадскім сьметніку… Вось купкі крыгаў -- тры хлопца, якія заблукалі на курортным узьбярэжжы, і шэсьць мужчынаў у капелюшох, якія апынуліся ў сітуацыі падобнай да фільму "Я--легенда" (ці Талстоў проста любіў у дзяцінстве чытаць Курта Ванігута)…

Рэкі нясуць свае крыгі ў мора-акіян, ды акіян выкідае іншым часам на бераг свае агромістыя хвалі… усе сюжэтныя лініі зьліваюцца на беразе, на які налятае жудаснае цунамі, накрываючы вадкім саванам амаль усіх героеў… Застаецца толькі адзін "назіральнік" -- старэючы інтэлегенцішка, які напалову цьвярозымі вачыма чытае пра гэтае цунамі ў газеце, заядаючы такога кшталту цікавосткамі сваю ранішнюю каву ў шараговай кавярні… Зрэшты, калі няма назіральніка (хаця б і такога вартага жалю, далёкага і абстрактнага), ці мае тады сэнс любая, нават самая жахлівая і абсурдная трагедыя?..

Бясспрэчна таленавітыя вынаходніцтвы ў словатворчасьці.

"Прагэтасаміў" -- крэатыўнае выйсьце з сітуацыі амаль цалкам асыпанага тэзаўрысу…

"Папусьціцца" як адпаведнік "расслабіться"… Пасьля гэтага заклік "relax!" маеш успрымаць як абразу.

Замена звонкіх на глухія ў матных лаянках ня робіць гэтыя словы менш бруднымі, але дазваляе ім гучаць, нібы праз недасканала працуючы радыёпрыймач -- нашая цнатлівасьць і прыстойнасьць нібыта выратоўваюцца такі чынам, ці гэта проста такая хітрая спроба пралезьці ў этэр?.. "Г" замест "х" -- і добравядомае слова з трох літараў успрымаецца не як апісаньне прасторавых і гіерархічных дачыненьняў, а як імператыў ад дзіўнага дзеяслову "гуць" -- куртаты ці першасны варыянт слова "гудзець", па аналогіі "дуць - дудзець"? :)… Дарэчы, шчыльнасьць мацюкоў на квадратны санцыметр старонкі амаль не напружвае -- збольшага, беларусы прыкладна гэдак і разважаюць, адзначаючы паўзы і правалы памяці высокімі нотамі "ляць" і да таго падобнай какафоніяй…

І канечне шэдэўральнае "постбессэнсоўна" -- характарыстыка пейзажу закінутага курорту, якая па сутнасьці пасуе ўсяму наўкола...

Стыль выкладаньня думак і назіраньняў -- а таксама фантазіяў аўтара, бо чамусьці ёсьць сталае уражаньне, што ўсё гэта было напісана за два-тры ранка "пасьля бадуна", калі аўтар сядзеў у якой-кольвечы кавярні нашага правінцыяльнага мегаполісу і дадумаваў "сюжэты жыцьцяў" тых, хто трапляўся яму на вочы ў гэтых звышдэмакратычных установах обшчапіту -- дык вось, стыль нагадвае Верджынію Вульф, ужо згаданага Курта Ванігута і Чака Паланіка разам узятых і перамешаных у адзін кактэль… (Прынамсі, гэта тыя аўтары, каторых я сам чытаў, і з якімі дакладна ёсьць у Талстова нейкае падабенства, хаця б нават на узроўні базавых, прынцыповых наладак…) Але гэтае занатоўваньне "плыні сьвядомасьці"-- сваёй ды сваіх герояў -- з захаваньнем усяго спектру "бруднай эстэтыцы" вуліцы, выглядае даволі арганічным і арыгінальным, а не плагіатным. Прынамсі для нашых мясцовасьцяў. Ільля Сін толькі на палову меў рацыю, сьцьвярджаючы, што гэты раман -- вялікая неспадзяванка сучаснай беларускай літаратуры. ІМГО, гэты твор з шэрагу "доўгачаканых нечаканасьцяў" -- даўно ўжо трэба было паспрабаваць апісаць нашыя вуліцы і нашых мінакоў сярод бетонных парканаў і "саманараджаючыхся тралейбусаў" менавіта такім, сьвядома абсурдным чынам, бо на дадзены момант бадай што толькі абсурд цалкам адпавядае і пасуе тутэйшаму чыну жыцьця. Абсурд як сродак сьцьвярджэньня трапнасьці ўласных назіраньняў -- моцная і небяспечная зброя, але вельмі дзейсная ў таленавітых руках… Зрэшты, жахлівая абсурднасьць фіналу выклікае моцны імпульс пратэсту -- магчыма да гэтага і імкнуўся аўтар: стварыць хвалю цунамі агіды да ўсёй гэтай "постбессэнсоўнай" рэчаіснасьці, цунамі, якое нарэшце хоць што-небудзь ды зьменіць…