Вось быў рыхтаваўся да заліку па спецкурсу, склаў сабе невялічкі каншпекцік. Можа каму будзе цікава.
Гісторыя перакладу Сьвятога Пісаньня на беларускую мову ў ХХ стагоддзі.
Пераклады Сьвятога Пісаньня, зробленыя за апошнія сто гадоў, можна умоўна падзяліць на дзьве групы -- канфесійныя і пазаканфесійныя(індывідуальных перакладаў).
Канфесійныя натуральна падзяляюцца паводле канфессій, прадстаўнікі каторых ажыцьцяўлялі пераклад: пратэстантскія, каталіцкія і праваслаўныя. Такі пералік у пэўнай ступені адпавядае храналогіі/пасьлядоўнасьці ініцыятываў на ніве перакладу Евангельля і ўсёй Бібліі.
Традыцыйна ў гэтай справе былі першымі пратэстанты. Як адзначае Ніна Баршчэўская, "пасьля Першай Сусьветнай вайны на недахоп рэлігійных выданьняў зьвярнуў увагу баптысцкі сьвятар Л. Н. Дзекуць-Малей, які працаваў у Берасьці. Разам з сваёю жонкаю ўзяўся ён перакладаць на беларускую мову Эвангельле. Не давяраючы собскім сілам, зьвярнуўся па фаховыя парады й папраўкі да ведамага беларускага дзеяча й крытыка Антона Луцкевіча, які ахвотна ўзяўся дапамагчы ў гэтай карыснай для народу працы. У 1927 годзе баптысцкае выдавецтва „Компас” надрукавала паасобныя Эвангельлі (Мацьвея, Марка, Лукі, Ёана) і некалькі брашураў на беларускай мове.
Луцкевіч узяўся перакладаць цэлы Новы Запавет. Свой пераклад аддаў ён Брытанскаму і замежнаму біблійнаму таварыству, якое й выдала ў 1931 годзе (у Гэльсінгфорсе ў Фінляндыі) Новы Запавет з Псальмамі на беларускай мове." (http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/mova/barszczeuskaja/13.htm)
Да пратэстантскай группы таксама належыць пераклад Яна Пятроўскага, зроблены і выдадзены на эміграцыі ўжо пасьля Другой Сусьветнай вайны -- кнігі Старога Запавету ў 1959 годзе і Евангельле паводле Яна ў 1991 годзе.
Пераклады Бібліі для католікаў былі зробленыя ў розныя гады шэрагам ксяндзоў, першым сярод іх быў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Нажаль, ягоны пераклад не пасьпеў распаўсюдзіцца з прычыны ваеннага часу, але пазьней быў выкарыстаны ксяндзом Пятром Татарыновічам, які выдаў пасьля Другой Сусьветнай вайны пераклад Чатырох Евангельляў і Дзеяў Апостальскіх у Рыме. Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі ажыцьцяўляў пераклад у першую чаргу для патрэбаў сваёй парафіі ў Вішневе, аднак лічыцца даволі аўтарытэтным.
Афіцыйная каталіцкая Камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры працавала ў Беларусі з 1992 г., у 2004 рэарганізаваная ў Секцыю па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла. Секцыя прынцыпава паставіла сабе на мэце спачатку падрыхтаваць і выдаць Лекцыянарыі, неабходныя для богаслужэньня, а ўжо потым падыходзіць да перакладу Сьвятога Пісаньня, прычым урыўкі Сьвятога Пісаньня, зьмешчаныя ў Лекцыянарыях, былі ўзятыя ў першую чаргу з пераклада Дзекуця-Малея -- http://catholic.by/p2/index.php?option=com_content&task=view&id=5717&Itemid=49&rrr .
Для патрэб праваслаўных беларусаў на эміграцыі ў 1988 годзе было выдадзена Напрастольнае Евангельле, пераклад якого зрабіў архіепіскап Мікалай, Першы Герарх БАПЦ.
З 1989 году ажыцьцяўляе дзейнасьць па перакладу Сьвятога Пісаньня Беларуская біблійная камісія, арганізаваная пры Беларускім Экзархаце мітрапалітам Філарэтам. На дадзены момант зроблены пераклад чатырох Евангельляў (выдадзеныя паасобна як тэтраглоссы і разам як богаслужбовае Евангельле) і рыхтуецца да друку Дзеі Апостальскія.
Сярод індывідуальных перакладаў першым трэба адзначыць працу доктара Яна Станкевіча, які з дапамогаю Майсея Гітліна пераклаў Біблію цалкам і выдаў у 1973 годзе ў Нью Ёрку.
Пераклады, выкананыя Міхасём Міцкевічам, друкаваліся толькі часткова. Рукапісы, якія зараз ёсьць у карыстаньні Беларускай біблійнай камісіі сьведчаць пра вялікую вартасьць гэтай працы.
Анатоль Клышка пераклаў чатыры Евангельлі, якія былі надрукаваныя на пачатку 90-х ў часопісе "Спадчына".
Васіль Сёмуха пры перакладзе Новага Запавету спачатку супрацоўнічаў з Беларускай біблійнай камісіяй, але потым вырашыў працаваць цалкам самастойна і ажыцьцявіў пераклад усёй Бібліі, выдадзены ў Менску ў 2002 годзе.
Цікавы прыклад індывідуальнага перакладу "для сябе", які робіць у нашы дні Міхась Астапчык -- http://bel-psalom.at.tut.by/index.html
SUMMA TALIS
Пратэстанты:
Лука Дзекуць-Малей (баптыст) → Антон Луцкевіч
Паводле МАЦЬВЕА сьв. Эвангельле. -- Лодзь: Компас, 1927. -- 90с.
Паводле МАРКА сьв. Эвангельле. -- Лодзь: Компас, 1928. -- 51с.
Паводле ІОАНА сьв. Эвангельле. -- Лодзь: Компас, б.д. -- 62с.
НОВЫ ЗАПАВЕТ Госпада нашага Ісуса Хрыста і ПСАЛЬМЫ. -- Гельсінкфорс: Брытанскае і Замежнае Біблейскае Таварыства, 1931. -- 354с.
НОВЫ ЗАПАВЕТ Госпада нашага Ісуса Хрыста і ПСАЛЬМЫ / Другое выданьне без зьмен. -- Лёндан, 1948.
Ян Пятроўскі (метадыст)
Сьвятое Пісьмо. КНІГІ СТАРОГА ЗАПАВЕТУ. Кніжыца І. Кніга Руты, Кніга прарока Еэля, Кніга прарока Ёны. -- Нью-Ёрк, 1959. -- 17с.
Паводле сьв. Яна Эвангеле Госпада нашага Ісуса Хрыста. -- Менск-Лёндан-Нью Ёрк, 1991. -- 48с.
Католікі:
Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі
Чатыры Эвангеліі і Апостальскія Дзеі. -- Вільня, 1939. -- 417с.
Чатыры Эванэліі. -- Гродна: Гродзенская Рымска-Каталіцкая Дыяцэзія, 1998. -- 120с.
Ксёндз доктар Пётр Татарыновіч
Sviataja Evanlija i Apostalskija Dzei. -- Rym: Znič, 1954. -- 633s.
Listy sviatyh apostalaŭ.
Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі
Новы Запавет. -- Менск, 1999. -- 464с.
Камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры, з 1992 г.
Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, з 2004 г.
Праваслаўныя:
Архіяпіскап Мікалай (БАПЦ)
Напрастольнае сьвятое Евангельле -- Новы Запавет Госпада й Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. -- Таронта, 1988. -- 316с.
Беларуская біблійная камісія (БПЦ), з 1989 г.
Евангелие Господа нашего Иисуса Христа (от Матфея) на четырёх языках эллинском, славянском, российском и белорусском с параллельными местами. -- Мн.: Белорусский Экзархат, 1991. -- 236с.
Новы Запавеет Госпада нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Марка. На чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай. -- Мн.: Беларуская Праваслаўная Царква, Біблійнае Таварыства Рэспублікі Беларусь, 1999. -- 159с.
Пазаканфесійная група (індывідуальныя пераклады):
Міхась Міцкевіч
Евангельле паводле Мацьвея й Марка. -- Grand Rapids, Michigan, USA, 1998. -- 121с.
Янка Станкевіч (у супрацоўніцтве з Майсеем Гітліным)
НОВЫ ЗАКОН Спадара а Спаса нашага Ісуса Хрыста. -- Нью-Ёрк, 1959.
НОВЫ ЗАКОН Спадара а Спаса нашага Ісуса Хрыста. -- Нью-Ёрк: Вялікалітоўскае (Беларускае) Навуковае Таварыства Пранцішка Скарыны, 1970. -- 260с.
Сьвятая Бібля: Кнігі сьвятога пісьма Старога й Новага закону. -- Нью Ёрк, 1973. -- 840+260с.
Анатоль Клышка
Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста // Спадчына. 1989 - 1992 гг.
Васіль Сёмуха
Біблія: Стары Запавет: Час маўчаць і час прамаўляць (Экл. 3.7): Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка. -- Найвышэйшая песьня Саламонава // Далягляды, 1990. -- Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. -- С.187-214.
Новы Запавет. Псалтыр. -- Мн.: Бацькаўшчына, 1995. -- 488с.
Крыніцы:
- Чарота І. Беларуская мова і царква. -- Мн.: Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, 2000. -- 176с.
- Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя - абаронца роднае мовы. -- http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/mova/barszczeuskaja/13.htm
- Крэміс Ян, ксёндз доктар. Гісторыя перакладу тэкстаў Святога Пісання на беларускую мову, здзейсненых Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ. -- http://catholic.by/p2/index.php?option=com_content&task=view&id=5717&Itemid=49&rrr
No comments:
Post a Comment