аўторак, 21 верасня 2010 г.
панядзелак, 6 верасня 2010 г.
Паштоўка.
Паводле адной антыкварнай крамы атрымліваецца, што такія паштоўкі ўжываліся ў Нямеччыне ў часы Першай сусьветнай вайны. Тая, што захоўвалася ў архіве бабці Ані, падпісаная 1944 годам...
аўторак, 29 чэрвеня 2010 г.
Пра Аргенціну і ня толькі...
Трэба зазначыць, што адразу бачна, наколькі Юры апантаны вандроўнік. Любіць гэтую справу і любіць і галоўнае -- умее распавядаць пра свае падарожжы. І яшчэ -- з усіх краін ён закаханы ў Індыю ды Непал, і таму нават на гэтай сустрэчы, прысьвечанай Аргеньціне, ён не стрымаўся і пачаў распавядаць пра індыйскі бруд, нэндзу ды непераможную радасьць быцьця тубыльцаў. Але ніхто з прысутных не быў супраць -- усе слухалі,
Наконт прэтэнзій Аргенціны на Антарктыку -- тут, калі хто разумее па-гішпанскі. Варта адзначыць, што сярод выспаў, якія прысабечыла Аргентына, ёсьць некалькі ў архепелагу Паўднёвых Шэтладскіх, якія маюць "беларускія" назвы -- выспы Полацак, Бярэзіна і Смаленск... Такія вось кропкі сутыкненьня ў прасторы і гісторыі нашых краінаў.
чацвер, 22 красавіка 2010 г.
аўторак, 26 студзеня 2010 г.
Партрэт мяне...
Напэўна, сталасьць -- гэта калі пачынаеш радаваца й ганарыцца дасягненьнямі свайго дзіцяці больш ніж сваімі ўласнымі...
Карацей, яшчэ адзін год уласнага жыцьця ператварыўся ва ўспаміны, тэчкі лічбававых фотак і спарадычныя запісы ў ЖЖ... Перагортваем старонку. :-)
аўторак, 29 верасня 2009 г.
Відавочнае і ледзьпрыкметнае
Аднак, як не круці, атрымалася інтрыга ва ўзаемаадносінах патрыярха і прэзідэнта, а гэта ўжо палітыка...
Патрыярх гаварыў непрыемныя для прэзідэнта рэчы. Сказаў, што нічога не ведае пра высілкі нашае ўлады ў экуменічным напрамку. Згадаў пра Курапаты як сымбаль пакутаў беларускага народу. Сказаў, што палітыкі, асабліва тыраны накшталт Івана Жахлівага не могуць быць героямі краіны.
Канечне, улады расстараліся ў падрыхтоўцы сустрэчы ганаровага госьця, нават паклапаціліся, каб забясьпечыць прысутнасьць, і "нічтоже сумняшеся" зьнесьлі помнік ахвярам фашыстаў, абы дагадзіць высокаму госьцю з самой Масквыыыы... Ды гэтыя стараньні зусім не схавалі таго, што прэзідэнт відавочна на нешта пакрыўдзіўся... У Віцебску патрыярху давялося выступаць перад значна меншай ніж было запланавана аўдыторыяй. У Палац Рэспублікі прэзідэнту чамусьці справы перашкодзілі прыйсьці, хаця праз дзень ён спакойна прабавіў час, назіраючы за прыгажунямі. І на рэшце -- прэзідэнт запрасіў да нас пана Пан Гі Муна, ды не абы чаго, а каб "правесьці адмысловыя тэматычныя дэбаты Генэральнай Асамблеі ААН ў справе разьвіцьця міжрэлігійнага дыялёгу, у якіх павінны ўзяць удзел усясьветныя лідэры і прадстаўнікі розных канфэсіяў". Маўляў, калі Вы не ведалі пра мае высілкі, то мо пачуеце пра іх на ўзроўні ААН?!!!
Такі вось стромы дыпламатычны дыялог атрымаўся аднак
Цяпер пра тыя моманты, якія уразілі асабіста мяне.
1. "Вітаньне Сінода БПЦ" -- рыторыка пра "славянская трыадзінства" спачатку захаваная, але асноўны тэкст -- спасылка на спадчыну ВКЛ, здаецца гэта просты пералік папярэдніх візітаў патрыярхаў, але вельмі падобнае на такую кволую яшчэ, але магчымую толькі пры дастатковай ступені самастойнасьці, намінку -- ты не проста "не першы" з патрыярхаў РПЦ, хто сюды прыяжджаў, наогул, традыцыя візітаў яшчэ ад Усходніх Патрыярхаў у нас вядзецца... Дарэчы, нават не згадалі, што візіт патрыярха Іерыміі меў сувязь з усталяваньнем патрыяршаства ў Маскве, хаця маглі б...
2. Падарунак прэзідэнта -- ізноў падкрэсьленая повязь са спадчынай ВКЛ. Кіраўнік дзыржавы дарыць копію таго, што раней зрабіў прадстаўнік аднаго з буйных шляхецкіх родаў ВКЛ. Калі б Слуцкае Евангельле дарыў Мітрапаліт Філарэт -- гучаў бы пэўна зусім іншы кантэкст... А тут атрымалася -- Вы канечне нам пра "неад'емную частку" і "благаславеньне саюзнайдзяржавы", але мы Вам тут крыху нагадаем...
3. Я ужо неяк казаў, што сама ідэя сустрэчы папежа і праваслаўнага патрыярха на нашай зямлі -- ідэя, якая ўпершыню была агучаная вялікім князем літоўскім Ягайлам і праз мітрапаліта Кіпрыяна перададзеная ў Канстанцінопаль у 1397 яшчэ годзе. То бок і на полі "экуменічнага дыялогу" наш прэзідэнт абапіраецца на традыцыю ВКЛ... Праўда, тая ўпартасьць, зь якой ён піхае гэтае пытаньне (калі меркаваць па тым, што словы патрыярха Лукашэнку не зьбянтэжылі і ён зьвярнуўся да іншых аўтарытэтаў)), выклікае непакой -- нагадвае упартасьць Жыгімонта Вазы... ізноў жа, хоць і сумная, але спадчына ВКЛ...
серада, 16 верасня 2009 г.
Тапаграфія і тапаніміка...
У назве нашага горада прысутнічае нейкая ледзь заўважная намінка на матэматычны тэрмін -- Мінск, зьменьлівы Менск, горад, з уласнай ПЕРАМЕННАЙ, накшталт славутай "пі", пераменнай, якая ператварае, пераварочвае звычайныя рэчы ў нешта нелагічнае, але лепш сказаць па-залагічнае ці інакшлагічнае…
Самыя відавочныя факты, якія падцьвярджаюць гэтую здагадку:
-- вуліца Маскоўская ў Менску знаходзіцца не адпаведна геаграфічнаму накірунку, а зусім наадварот -- Масква на паўночны ўсход ад нас, а вуліца на паўднёвым захадзе ад цэнтру нашага горада.
-- "пачатак" гораду лічыцца ад даты зьнішчэньня, то бок канца… так склалася, і на гэты парадокс не зьвяртаюць "афіцыйнай" увагі.
Але ёсьць і іншыя факты з жыцьця сталіцы, якія можна растлумачыць толькі праз наяўнасьць такой загадкавай пераменнай, якая стварае сваю логіку прасторы. Прасторы, у якой нібыта ўсё перакульваецца, але з іншага боку, такая пазалагічнасьць дазваляе мірна суіснаваць зьявам, якія пэўна на іншых месцах прыводзілі б да выбуху…
Працягнем падарожжа, пачынаючы прыкладна з тае ж Маскоўскай.
Галоўная плошча дзяржавы, кіраўнік якой абвяшчае сябе "ПРАВАСЛАЎНЫМ атэістам", упрыгожваецца толькі КАТАЛІЦКІМ храмам…
На той жа плошчы -- Я да гэтуль не магу ўцяміць, чаму рэстаран "СЁМАЕ неба" знаходзіцца на ШОСТЫМ паверсе бакавога корпуса гатэля "Мінск"?!. ;-)
Далей, напэўна толькі ў Менску магчыма такое арыгінальнае рашэньне дылемы "турэцкі цюрбан альбо папская тыара" -- амбасады Турцыі і Ватыкана ў нас знаходзяцца ў адным будынку…
Таксама добравядомы факт -- ГАБРЭЙСКАЯ сінагога ператварылася ў РУССКІЙ тэатр…
Калі ўспомніць, што да рэвалюцыі ў горадзе было два раёны з назвамі ТАТАРСКІЯ агароды і ЛЯХАЎКА, дык таксама можна зьдзівіцца, што іх знаходжаньне крыху не пасавала адпаведным геапалітычным рэаліям -- Татарскія агароды былі на ПОЎНАЧЫ горада, а Ляхаўка -- на паўднёвым усходзе…
Яшчэ некалькі зацемкаў па тэме амбасадаў. Французкая амбасада ў нас месьціцца там, дзе некалі ў 1812 годзе трапілі ў пастку французкія вершнікі і былі растраляныя ў тэльму карцеччу… (мо таму французкая амбасада такая "цяжкапраходная" для нашых суграмадзянаў?..^--^). Амбасады Расеі, ЗША ды Украіны знаходзяцца на адных ростанях, глядзяць адно аднаму ў вокны… Консульства Швецыі знаходзіцца рыхтык насупраць таго пагорку, дзе калісьці стаяла камяніца, у якой быў зімаваў Пётра Першы пад час Паўночнай вайны…
Карацей, нешта загадкавае тут ёсьць… ;-)
аўторак, 1 верасня 2009 г.
Помнікі і памяць...
якая, праўда, не гэдак на відавоку ляжыць, як суседства Леніна і царквы.
(Дарэчы, гэта не самае супярэчлівае суседства, вунь, у Брэсьце і Слоніме старычок Крупскі
нават рукой рыхтык на царкву ці касьцёл паказвае, маўляў, туды ідзіце, таварышы... ^--^)
Дык вось, справа ў тым, што помнік Леніну ў Баранавічах стаіць на месцы могілак.
Ну, здэцца, не самае вялікая супярэчлівасьць, помнік і мусіць быць на могілках.
Аднак можа сам Ленін і не надта блюзьнерыць, а вось тыя, хто на касьцях паставілі
на супраць помніка важдю пралетарыяў будынак гарвыканкама, дый яшчэ і плошчу
заасфальтавалі, каб месьцічы па продках штодзённа езьдзілі і шпацыравалі --
тыя людзі дакладна блюзьнерылі і напэўна нават сьвядома...
Гледзячы на план горада Баранавічы 1930-х гадоў, заўважаеш адзначаны квадрацік
з крыжыкамі на ростанях вуліц Шэптыцкага і Міцкевіча -- цяпер гэта рыхтык плошча Леніна:

Яшчэ ў трыццатыя гады прыкладна на тым самым месцы, дзе зараз вождь, польскія
ўлады паставілі "Помнік невядомаму салдату". Ён выглядаў вось так:
Мая бабулька была распавядала адзін анекдот "з жыцьця", зьвязаны з гэтым помнікам
(хаця, я падазраю, байка была "агульнакрэсовай" так бы мовіць...).
Аднойчы вярталася адна сялянская сям'я з кірмаша ў Баранавічах і праяжджала на возе
міма нядаўна пастаўленага гэтага помніка невядомаму жалнежу. Дзед, дзівячыся на каменную
птушку, даволі голасна выказаў сваё зьдзіўленьне: Баба, глядзі, якую вялікую курыцу
тут паставілі!!! Жаўнер, што стаяў каля помніка на ганаровай варце, пачуў гэта, спыніў воз
і загадаў дзеду плаціць штап тры злотых. Засмучаная з гэтае прычыны баба ў роспачы
стала крычаць: Ой, стары, я ж табе казала, ніколі не зьвязвайся ты з гэтымі польскімі цацкамі!!!
Жаўнер ёй на гэта прызначыў дзесяць злотых штрапу. Сказаў: Żeby Pani wiedziała, że orzół
nie jest cacką!
Для параўнаньня, тое месца ў 1930-я і ў 1970-е:
серада, 26 жніўня 2009 г.
Дыялог і "круглы стол"
"Традыцыйная талерантнасьць" беларускага грамадства - спрытны міт, які дазваляе ўладам "не варушыць старога" і тым самым хоць неяк "кантраляваць сітуацыю". Да таго ж гэты міт вельмі адпавядае сусветнай модзе на культурніцкую разнастайнасьць і цярпімасьць і паляпшае наш імідж. Аднак, як любая ілжа, гэты міт небясьпечны для грамадства менавіта тым, што скажае ўяўленьне пра ўласнае мінулае і не заахвочвае да "работы над ошибками"… Навошта высьвятляць, чаму гэта праваслаўныя так хваравіта рэагуюць на Кастуся Каліноўскага, ці наадварот, чаму каталікі так нэрвова ўспрымаюць "увековечивание памяти" Суворава ці графа Мураўёва і г.д.?.. Навошта, мы ж ціха-мірна жылі і жывем між сабой і гэта файна, сьпіце спакойна найталерантнейшыя суграмадзяне!..
серада, 19 жніўня 2009 г.
аўторак, 18 жніўня 2009 г.
"Цюнінг" аднак ;-)
Вось што мой сябра зрабіў са сваім Макінтошам. Кажа, гэта каб зрабіць гэтую рэч больш індывідуальнай, "менавіта ягонай", ну і каб лягчэй было знайсьці, калі раптам што... Белая паверхня, просты перманентны маркер,.. ну і яблык, зразумела, абумовіў сюжэт.
Я цяпер прэю ад зайздрасьці і мару пра белы ноўт, на скрайні выпадак Самсунг. ;-)
Японскае хрысьціянскае мастацтва
Дзеці і Немаўля Хрыстос:
Марыя і Маленькі Іісус:
Нараджэньне Хрыста:
Марыя і Маленькі Іісус:
пятніца, 17 ліпеня 2009 г.
Паабапал Берлину -- неба!..
Рудзіш Я. Неба пад Берлінам. / Пер. з чэск. М.Мартысевіч. -- Мн.: Логвінаў, 2008. -- 180с. -- (Чэская калекцыя).
Арыгіналдьная назва: Jaroslav Rudiš. Nebe pod Berlínem. [2002]
Ну вось, цяпер Берлін стаў для мяне блізкім, стаў горадам, у які я ужо жадаю прыехаць, таму што цяпер мне здаецца, што я нешта пра яго ведаю. Нешта не з падручнікаў гісторыі ці нямецкай мовы, а нешта асабовае, міжасабовае, а таму асабістае…
Чамусьці так здараецца з гарадамі -- пакуль ты не пазнаёмісься з якімі-кольвек літаратурнымі "жыхарамі" места, яно застаецца для цябе нейкай абстракцыяй, даведнікам па гісторыі архетэктуры, чыгуначнай станцыяй, радкамі прызначэньня на капэрце, нават калі ў капэрце ляжыць ліст сябру, які там жыве. Таму што твой нелітаратурны, жывы, сапраўдны сябра -- гэта твае дачыненьні, твае адносіны, тваё сумоўе, і ты не зьвязваеш яго і места, чамусьці так… Напэўна таму, што места ў эўрапейскіх мовах (пачынаючы з лаціны) часьцей жаночага роду, і стасункі твайго сябра з местам, дзе ён жыве -- гэта нешта ягонае, асабістае, нават інтымнае, зрэшты, як і твае стасункі з Менскам, і нават калі вы з сябрам вельмі шчырыя, табе не зразумець да канца гэтай повязі, а яму -- тваёй, таму ты з самага пачатку і не зьвязваеш у сваім уяўленьні сябра і места, дзе ён жыве. І гэта заўжды розныя рэчы, розныя "жанры жыцьця" так бы мовіць -- калі ты едзеш ДА СЯБРА і калі ты едзеш У ТОЙ ГОРАД… Так было з Варшавай -- станцыя прызначэньня, каб сустрэцца з сябрам, пакуль я не прачытаў "Дзевяць" Стасюка… Осла здаецца родным мястэчкам (хоць я ні разу там яшчэ не быў), бо начытаўся плойму нарвежскіх пісьменьнікаў. Пасьля рамана Рудзіша я жадаю наведаць Берлін!.. ;-)
Літаратурныя героі для места -- гэта як нябожчык Бертрам для галоўнага герою "Неба пад Берлінам" -- гэта здань, дух, якога можа пабачыць толькі той, каму гэта патрэбна. Мне патрэбна, я чамусьці не магу па іншаму асвойтаць прастору. Мне патрэбна, каб каля муроў, на ростаньнях, у кавярнях былі гэтыя ледзь улоўныя адбіткі чыйго-небудзь натхненьня і пісаніны, адбіткі, без якіх гарадскі пейзаж не мае смаку…
Што тычыцца самаго твору. Нельга сказаць, што я "ў захапленьні", мае адчуваньні хутчэй трэба назваць "спакойнай задаволенасьцю", хаця гэта і будзе крыху супярэчыць "нонканфармісцкаму сюжэту" (азначэньне з анатацыі), бо "задаволенасьць" -- гэта хутчэй для буржуа, а не для роккераў, што ў грукаце колаў метро чуюць найвышэйшую музыку… Я задаволены, што прачытаў, і што мне было цікава, і нічога не напружвала пад час чытаньня (нават перакладчыцкія эксперыменты з моваю ^--^…) і пасьля засталося прыемнае адчуваньне, як пасьля знаёмства з добрым чалавекам. Простая гісторыя музЫкі, які зьбег у гэты горад, каб ці то нешта знайсьці, ці то нечага пазбыцца. Яго дачыненьні з рознымі людзьмі, іхныя гісторыі, якія герой усмоктвае як губка воду, жыцьцё, якое верціцца і віруе вакол рэек падземкі. І узаемасувязі і гісторыі розных персанажаў нечым нагадваюць схему гэтага у-бану, нечым яны адзін аднаму пасуюць -- геаграфія станцый і сетка падзеяў, герояў, гісторый… Шкада толькі, што Катрын плануе зьехаць у Рэйк'явік, зрэшты, калі раман пачынаўся з пабегу, дык вельмі лагічна завяршыць яго намінкай на другі пабег. Мастацкая сіметрыя геаметрычных ліній у-бану, населенага духамі самагубцаў… Калісьці яны таксама зьбеглі ад чагосьці, зьбеглі "на той бок рэек", і цяпер толькі музыка "незавершаных" уцекачоў можа прынесьці ім спакой, адкрыць шлях на Неба, Неба пад Берлінам...