субота, 1 кастрычніка 2011 г.

Падабенствы, готыка і туркі...

Гэты тэкст — урывак з ліста да знаёмай у Швецыю, спроба занатаваць свае ўражаньні ад трохмесячнага жыцьця ў Нямеччыне адразу пасьля вяртаньня ў Беларусь.

<…> У Нямеччыне быў на поўдні, у Баварыі.

Сярэдняе, па нямецкіх панятках, мястэчка Рэгенсбург, што ляжыць на беразе Дуная. Апошнімі днямі ў навінах ідуць уразлівыя карцінкі тамтэйшай жудаснай паводкі. Так што адчуваньні ў мяне ад тае вандроўкі засталіся нявызначына дзіўнымі. Нібыта ўсё было ў сьне, а зараз во прачнуўся і дзіўлюся, як па целіку паказваюць жахі надвор'я ў далёкай, казачнай, існуючай толькі ў гэтай віртуальнай скрыні, Еўропе… Ёсьць яшчэ адна асацыяцыя. Нібыта езьдзіў я не за тысячу кіламетраў праз дзьве мяжы, а так, па Беларусі пракатаўся, заехаўшы ў якую Гародню ці Наваградак. Не, было б, канечне, наіўным сьцьвярджаць, што паміж Беларусьсю і Нямеччынай няма розьніцы, але цяпер яна падаецца мне нясутнаснай, ці прынамсі ня гэдакай, да якой мы прызвычаіліся…Ведаеш, там і ў Мюнхене, і ў Парыжы (схітрыўся зьезьдзіць і туды за гэтыя тры месяцы), і ў тым жа Рэгенсбургу я заўважаў найперш падобнае да нашага. I гэтае падабенства рабіла ўражаньне мацнейшае за мясцовую экзотыку. Вяртаесься, да прыкладу, зь Лясьнянскага манастыра ў Парыж, машына пад'яжджае да паўночных ягоных прадмесьцяў; кіроўца, сталая жанчына, якая ласкава згадзілася мяне падвезьці (бо як раз вярталася з гэтага, наведваемага ёю ледзь не штомесяц, жаночага кляштара Русскай Праваслаўнай Замежнай Царквы ў Арлеян, дзе жыве з дачкой і мужам, эміграваўшы ў Францыю на пачатку 90-х), раптам зьвяртаецца да мяне з прапановай падзівіцца на Эйфелеву вежу, блакітны сілуэт каторай можна бачыць ў мроіўным небе мегаполіса ўжо й з гэтага пагорку, не ўехаўшы яшчэ ў сам горад. Перапыняю размову з дачкой гэтай жанчыны, пераводжу позірк на урбаністычны далягляд, што мігціць за лабавым шклом і...Бррр!!! неразумею, чым гэты заквадратаваны шэра-жалезна-бетонны неабсяжна-няўтульна-тэхнічны далягляд адрозьніваецца ад менскага Паўднёвага Захаду ці Шабаноў? Хіба толькі Вежай. I такія міні-шокі ад сустрэчы з "падабенствамі" былі спрэс, цэлая гайма. Нават іншыя мовы і нямецкія дыялекты не выклікалі савецкага шкалярскага адчаю. У той самы Парыж ехаў, ні слова ня ведаючы па-французку, разам з румынам, зь якім гаманілі на нямецкай, а з касірам на Gare St.Lazar паразумеўся пры дапамозе англійскай... Моўная розьніца пасьля еўрапейскага полілінгвізму ўспрымаецца як простае карыстаньне рознымі фірмамі сотавай сувязі...
Зрэшты былі й "спецыфічна" эўрапейскія ўражаньні. Блукаць па вузкіх завулках старога цэнтру можна было, пэўна, бясконца, асабліва калі выправіцца на шпацыр ноччу. Незьлічоная колькасьць архітэктурных рашэньняў і варыянтаў аздабленьня хат! Ногі і вочы - астатняга цела не адчуваеш, яно па-просту непатрэбнае...Готыка - гэта калі камень ператвараецца ў масла ці жэле, якія можна рэзаць бадай што пальцам, -- настолькі ня верыш, што ўся гэтая размаітая разнастайнасьць фанабэрыстых карункаў, што спрэс пакрываюць паверхню сьцен, нібы крэмавыя краскі вясельны пірог, выбітая зь цьвёрдага рэчыва!.. Старая брукаванка выклікае нейкі спецыфічна філасофскінастрой... Калі б ты бачыла, як немцы грунтоўна яе паднаўляюць -- пад ёй пэўна можна хавацца ад ядранага выбуху!

Утульнасьць, грунтоўнасьць, самастойнасьць. Такія вось адчуваньні, пакуль...  не сустрэнесься на гэтай высьпе сярэдневечча з туркамі. Не глядзеўшы целік і не сачыўшы за хадой сусьветнага футбольнага чэмпіянату, кожнага разу я дакладна ведаў, калі перамагала турэцкая каманда - па цэнтру пачыналі кружляць, сігналячы, некалькі ланцугоў машын, з вокнаў каторых  высоўваліся апьянелыя ці то ад шчасьця, ці то ад баварскага піва смуглявыя туркі, гарланілі, дудзелі і махалі сваімі сьцягамі, непрыемна знаёмая чырвань якіх муліла вочы. Выглядала на сапраўдную акупацыю, так што адчуваньне прынамсі ўтульнасьці на пэўны момант зьнікала. Спытаў неяк у іезуіта, старога немца з сорбскім прозьвішчам, які і запрасіў нас на гэтыя моўныя курсы, чаму гэта так шмат турак у Нямеччыне? Яны добрыя работнікі, --кажа…

Вось такія няпоўныя зацемкі пра Нямеччыну. Калі ўжо вярнуўся на Беларусь, у сувязі з усімі гэтымі ўражаньнямі ўспомніў выпадак з маці аднаго японскага пісьменьніка. (Прачытаў аб ім мо' яшчэ ў школе, а вось жа, прыгадалася.) Пісьменьнік гэты, знакаміты ўжо й заможны, праз сваю слыннасьць аб'ехаў ледзь не ўвесь сьвет, завітаў аднаго разу ў родную вёску праведаць маці. Старая пэўна была ўзрадаваная, але паводзіла сябе так, нібыта яе сын і не зьяжджаў ніколі немаведама куды з хаты, размову ткала ўсё больш з успамінаў пра ягонае дзяцінства. Ужо калі меўся ехаць, сын не вытрымаў і спытаў, чаму гэта яна ніводнага разу не папытала ў яго пра ягоныя вандроўкі. Ат, сынку, -- кажа кабета,— ты мне ўсё роўна не раскажаш нічога, што адрозьнівалася б ад таго, што адбываецца ў нашай вёсцы.

Жнівень, 2002

No comments:

Post a Comment