Гэтая карціна не давала мне спакою з таго моманту, як я пабачыў ікону "Сашэсьце ў пекла" ў нашай царкве св. Сафіі Слуцкай і зразумеў, што яны -- карціна і ікона -- нечым падобные і адначасова прынцыпова адрозныя...
"Гісторыя адной карціны" даволі падрабязная, насычаная таннымі жахамі і "ахамі", але адказ на пытаньне "Чаму яна гэдак пужае?" тамака толкам не знойдзены. Як звычайна ў сьвецкіх -- зьбег акалічнасьцяў і рысаў, а ты, глядач/чытач, разумей як хочаш і трымці, калі прымаеш на веру ўсю гэтую "містычную" бздуру...
Прыглядзеўшыся да іконы, я падумаў, якія падобныя постаці Хрыста і таго хлопчыка...
І тут да мяне дайшло, што карціна -- таксама "Сашэсьце ў пекла", толькі наадварот, ці дакладней, па-іншаму, па-просту без Хрыста. А значыцца няма надзеі на Ўваскрасеньне. І менавіта гэтая безнадзейнасьць так пужае і выклікае неадэкватную рэакцыю душэўна хворых і дзяцей -- тых, хто ўсёткі бліжэй да разуменьня сімбаляў...
А сапраўды -- страшна, бо тут адлюстраваная сітуацыя, калі ты сам на сам з пякельнай брамай. Ужо не так важна, зь якога боку ты стаіш. Безнадзейна тое, што гэтую мяжу, гэтую рысу ты самастойна пераадолець не можаш... Дзяўчынка побач -- без карысьці, што тая лялька... Ёсьць чаго жахацца...
Пасьля таго, як адвядзеш вочы ад гэтай карціны, вельмі хочацца маліцца -- "Госпадзі Іісусе Хрысьце, Той, Хто зруйнаваў пякельныя брамы і вывеў з пекла Адама і Еву, успомні і мяне, грэшнага, калі прыйдзе мой час, каб не застацца мне без надзеі за тою трыклятаю брамаю!.."
Хрыстос сапраўды ўваскрэс!!!