Сёння нас вывозілі на экскурсію ў цэнтр Варшавы. Спачатку далі магчымасьць папрысутнічаць на праваслаўным набажэнстве -- падвезьлі нас з Александрам да праваслаўнага катэдральнага сабору Марыі Магдаліны. Служба ранняя тут пачыналася а палове дзевятай у ніжнім храме, пад які прыстасавалі сутарэнні класічнай "псеўда-руска-візантыйскай" царквы, якая пэўна ў сярэдзіне дзевятнаццатага стагодзя будавалася. Але "прыстасавалі" -- занадта неахайнае слова. Калі зайшлі туды, крыху заняло дыханне ад нечакана радасных, чыстых, яскравых, празрыстых і яркіх фарбаў, якімі распісаныя сьцены і не зусім высокая столь ніжняга храма. Выкшталцоная і своеасаблівая іканаграфія, па канонах, але вельмі жывая і жыцьцясьцьвярджальная. Усю службу стаяў задраўшы галаву, ці азіраючыся па баках. Правілі даволі хутка, за паўтары гадзіны. Чытанне Евангелля, казанне, аб'явы -- па-польску; астатняе па-царкоўнаславянску. Народу было шмат, прынамсі для першай службы і з улікам таго, што гэта сталіца каталіцкай краіны. Шмат з дзецьмі і нават немаўлятамі. У правым крыле сутарэнняў яны захоўваюць застаўшыеся ад храма Александра Неўскага мазаікі -- Дзеісусны шэраг. Калі убачыў, нешта кратнула душу, нібы неспадзявана апынуўся у Баранавічах...
Выйшлі з храма крыху узрушаныя. Накіраваліся да калоны Жыгімонта ўздоўж вуліцы Салідарнасьці. Раптам праваруч заўважылі жывых медзьвядзёў!.. Проста побач заапарк, які выходзіць як раз да гэтай вуліцы, і пляцоўка зь мядзьведзямі уладкаваная перад самым носам мінакоў. Ні кратаў, ані сетцы -- проста каменная канава з вадой дастаткова шырокая і з дастаткова высокімі стромымі бакамі, каб жывёлы гэтыя не дасягнулі баязьлівых крыўдзіцеляў. Але які эфект блізкасьці! Гэта ўсё роўна як па Панякоўцы бы блукалі тыя мядзьведзі. Сядзіць сабе такі буры, глядзіць на цябе і вывучае, калі б не канава, хвілі б не мінула каб апынуцца побач, літаральна тры крокі...
Экскурсія па Старому Мясту так
Шпацыруем па старых адноўленых вулках. Гатычны касьцёл. Экскурсавод між іншымі фактамі гаворыць пра незайздросны лёс астанкаў Панятоўскага. Яго цела цяпер пакрамсанае на некалькі захаваных у розных месцах кавалкаў, зрэшты, як і ягонае каралеўства... Плошча, лепш сказаць "пляцачак" пад назвай Канонія, пасярод як помнік стаіць патрэсканы звон. Іезуіты яго замовілі і хацелі павесіць на калакольню бліжэйшага тут свайго храма, але калі ўздымалі -- звон трэснуў. Ведаеш, што зрабілі гэтыя хітруны? Яны трэснуты звон схавалі ў сутарэннях сваёй царквы. Было гэта раўнютка ў 1646 годзе... Толькі пасьля вайны пад час рэстаўрацыі места яго дасталі і паставілі як помнік.
Зьяўленне Варшавы было "абумоўлена" бойкай мазураў з літоўцамі. У 1260-м, ці каля таго, нашыя няўрымсьлівыя продкі спалілі рэзыдэнцыю мазавецкіх князёў і тыя мусілі заснаваць паблізу новы замак -- як раз вакол яго і разбудавалася Варшава. Але сталіцай Рэчы Паспалітай гэты горад стаў толькі ў 1596 годзе... Ізноў выпадковасьць лічбаў?..
Вось такая кароткая вандроўка па Варшаве.